Жыхар вёскі Сярагі Гаўрыіл Іванавіч Шахновіч узгадвае ваенны час:
– Памятаю, што была нядзеля, мы разам з сябрамі пасвілі коней і ўбачылі ў небе самалёты. Мы яшчэ разважалі: мабыць, нешта здарылася, а мы нічога не ведаем. Мне было 15 гадоў. Я паскакаў на кані ў вёску. Каля сельвыканкама сабраліся вяскоўцы і слухалі па радыё Молатава. Вось так мы і даведаліся, што пачалася вайна.
Назаўтра аб’явілі мабілізацыю. Каля камерцыйнага вучылішча ў Слуцку быў прызыўны пункт, туды збіраліся людзі. Але ж раптоўна наляцелі самалёты, пачалі бамбіць. Адна з бомб упала на пляц. Былі і параненыя. Пачалася паніка, людзі разбягаліся. Большасць пабегла дадому…
Памятаю, як у адзін з дзён збілі савецкі самалёт над Сярагамі. Мы, хлопцы, пабеглі глядзець. Тры лётчыкі былі, але адзін з іх загінуў. Яны вярталіся з задання.
Цяжка было. Мы, падлеткі, працавалі нароўні з дарослымі. У 1944 годзе Беларусь вызвалілі ад фашыстаў. З Качалава прыскакалі хлопцы на конях і прывезлі добрую вестку. Мабілізацыя адразу ж была. Праз тыдзень нас забралі ў армію. Каля 260 чалавек было. Мы пайшлі на Вясею, Стары Гуткоў, наогул ішлі на Бабруйск. На таварнай станцыі выдалі сухі паёк і адправілі ў Кіраўск, станцыя Фаянсавая, там запасны полк быў.
Спачатку я быў у кулямётнай роце, вучылі нас. Потым адправілі мяне ў зенітную артылерыю. Мы не ўдзельнічалі ў баях, ахоўвалі пераправы, аб’екты. Служыў у Станькава, у Мінску. Дзень Перамогі ў Рызе сустрэў. Дэмабілізаваўся ў канцы 1950 года.
Працаваў на заводзе ў Слуцку, потым пайшоў працаваць у мясцовы калгас.
Цяжкае было жыццё, але мы справіліся. Галоўнае, каб мір быў на нашай зямлі, нельга дапусціць паўтарэння тых жудасных падзей.