Найбольш запатрабаваным спосабам дыягностыкі ў сучаснай медыцыне па-ранейшаму застаецца ультрагук. Нядаўна ў Слуцкую цэнтральную раённую бальніцу набылі новы апарат ультрагукавога даследавання экспертнага класа Hitachi Arietta 70.

– Найноўшыя тэхналогіі, якія ў ім выкарыстоўваюцца, дазваляюць выявіць найменшыя паталагічныя змены, правесці хуткае і дакладнае абследаванне, вызначыць дыягназ, – расказвае ўрач ультрагукавой дыягностыкі аддзялення функцыянальнай дыягностыкі Слуцкай ЦРБ Марыя Валер’еўна Чайкоўская. – Апарат японскай зборкі. Сёння ён адзін з лепшых, што прапануе сусветны рынак медыцынскай тэхнікі.

На новым апараце значна лепшая візуалізацыя, карцінка ярчэйшая, выразнейшы кантраст. Hitachi Arietta шматфункцыянальны, на ім можна праводзіць даследаванні не толькі брушной поласці, але і сасудаў, сэрца, іншых органаў, адным словам праводзіць любыя даследаванні па ультрагукавой дыягностыцы.

Па словах Марыі Валер’еўны, на апараце праводзіцца даследаванне амбулаторных пацыентаў па назначэнні ўчастковых тэрапеўтаў, экстраных пацыентаў, якіх накіроўваюць вузкія спецыялісты.

Апарат працуе ў дзве змены – з 8.00 да 20.00, што дае магчымасць праводзіць дыягностыку большай колькасці пацыентаў.

– Часцей за ўсё да нас звяртаюцца пацыенты, якія скардзяцца на болі ў жываце, – расказвае Марыя Валер’еўна. – Шмат людзей паступаюць з панкрэатытам, вострым халецыстытам, вясной і восенню павялічваецца колькасць пацыентаў з абвостранай язвай страўніка, у гэтых выпадках мы адпраўляем на зонд.

 

Электронная чарга

У паліклініцы па абслугоўванні дарослага насельніцтва Слуцкай ЦРБ устаноўлена сістэма электроннай чаргі для праходжання флюараграфіі і рэнтген-здымкаў.

Тэрмінал размешчаны на другім паверсе каля рэнтгенкабінетаў.

Калі флюарограф заняты, а іншыя кабінеты вольныя, апарат пераразмяркоўвае чаргу.

– У рэнтгеналабарантаў знаходзяцца планшэты, на якіх адлюстроўваецца чарга, – расказвае загадчыца дарослай паліклінікі Слуцкай ЦРБ Алена Малішэўская. – Калі спецыяліст можа прыняць пацыента, ён націскае кнопку «гатовы», на табло каля кабінета высвечваецца нумар чаргі. Калі чалавек прапусціў сваю чаргу, спецыяліст выклікае яго паўторна два разы з інтэрвалам у пяць хвілін, калі за гэты час пацыент не аб’явіўся, яго нумар ставяць у рэжым чакання. Здымаюцца з чаргі людзі, якія не з’явіліся ў свой час, толькі ў канцы працоўнага дня.

У хуткім часе талоны ў рэнтгенкабінет і для праходжання флюараграфіі можна будзе заказаць і праз інтэрнэт.

Ірына МАЛЯЎКА.

Похожие записи