На рахунку будаўнікоў даччыннага ўнітарнага прадпрыемства ПМК-226 УП «Мінскблсельбуд» нямала ўзведзеных аб’ектаў. Сярод апошніх – дзіцячы сад у Чэрвені, 40-кватэрны жылы дом па вуліцы Зялёная ў Слуцку, жывёлагадоўчыя фермы ў вёсках Баравая і Цалевічы нашага раёна, іншыя.

Сёлета ў параўнанні з мінулым годам назіраецца рост аб’ёму работ, выкананых прадпрыемствам – на ўзроўні 102 – 103 працэнты.

– Канечне, вынік працы заўсёды радуе: бачыш, што пры тваім удзеле будуецца краіна. А будуецца – значыць  развіваецца. Так, зараз нашы работнікі ў якасці субпадрадчыкаў удзельнічаюць у будаўніцтве жылога дома ў Чэрвені, займаюцца рэканструкцыяй аконных праёмаў сярэдняй школы №13 горада Слуцка. Справы – патрэбныя. Але найбольшы інтарэс выклікае будаўніцтва аб’ектаў, якія вызначаюцца навізной, – расказвае галоўны інжынер Алег Дзядчанка. – Так, наша арганізацыя прымае ўдзел у будаўніцтве вытворчых аб’ектаў комплексу па вырошчванні і перапрацоўцы мяса індычак у аграгарадку «Пясочнае» Капыльскага раёна, цэха па вырабе паліўных пелетаў пры Старадарожскім лясгасе.  Усё гэта стымулюе да новых ведаў. Таму сама прафесія будаўніка вельмі цікавая.

Дарэчы, Алег Рыгоравіч у прафесіі 15 гадоў, пачынаў прарабам.  Кажа, што зараз працаваць на будоўлі стала значна лягчэй, бо з’явілася шмат сродкаў малой механізацыі. Яны значна аблегчылі працу работнікаў. Тым не менш, даводзіцца прыкладаць намаганні, каб зацікавіць людзей, захаваць калектыў.  Стаўку робяць на тых, хто жадае працаваць, імкнецца авалодаць пэўнымі ведамі і навыкамі. Усяго ў арганізацыі працуюць 92 чалавекі. Як правіла, гэта людзі, адданыя справе, правераныя часам.

Сярод такіх брыгадзір Эдуард Бакановіч. Гэта ініцыятыўны чалавек, дасведчаны работнік, які карыстаецца павагай сярод таварышаў, брыгада пад яго кіраўніцтвам выконвае ўвесь комплекс бетонных работ.

У мінулым годзе Эдуард Васільевіч адзначаны падзякай Мінскаблсельбуда.  Такой падзякі за працу ў гэтым годзе будуць удастоены і некаторыя іншыя работнікі брыгады. Зараз яны заняты на будаўніцтве даільна-малочнага блока ў Танежыцах. Кажуць, што працуюць з добрым настоем, бо што пабудавана з душою, тое паспяхова будзе эксплуатавацца доўгія гады.

Наталля ГРАМЫКА.

Похожие записи