Пераўтвараючы зямлю, паляпшаючы яе якасць, яны спрыяюць уцягванню ў гаспадарчы абарот сотняў гектараў зямлі. Дагледжаныя роўныя палі – заслуга і мясцовых меліяратараў.
Быць сапраўдным прафесіяналам у меліярацыйнай справе – гэта значыць любіць зямлю, палеткі і балоты – лічыць начальнік участка дзяржаўнага ўнітарнага прадпрыемства «Слуцкае прадпрыемства меліярацыйных сістэм» Ганна Папова (на фoта).
Ганна Канстанцінаўна працуе меліяратарам ужо амаль 50 гадоў. Скончыўшы Пінскі гідрамеліярацыйны тэхнікум, прыйшла працаваць спачатку тэхнікам, а пасля стала начальнікам участка. З усмешкай успамінае жанчына свае першыя працоўныя дні. Адзначае, што шмат чаго змянілася. Зараз акрамя эксплуатацыйных відаў работ выконваюць і будаўнічыя. Увогуле прафесію меліяратара нельга назваць лёгкай, асабліва для жанчыны.
– Бывала, цяжка на працы прыходзілася. Устаеш зарань, спяшаешся на прыгарадны аўтобус па маршруце. Летам, у спёку – на полі амаль увесь працоўны дзень, пакуль усё абыдзеш, абгледзіш, – дзеліцца ўспамінамі Ганна Канстанцінаўна. – Але ніколі, ніводнага дня я не пашкадавала, што выбрала гэту прафесію, бо вельмі люблю зямлю, працаваць на ёй.
Шмат цёплых слоў гаворыць начальнік участка пра ўвесь калектыў прадпрыемства. Адзначае, што захаваць добрыя, нават сямейныя адносіны дапамагае спагадлівае кіраўніцтва, працалюбівыя рабочыя, зладжанасць калег па ўчастках. Калектыў папаўняецца і маладымі спецыялістамі, для якіх Ганна Папова сапраўдны настаўнік. Моладзь актыўна пераймае вопыт, прыслухоўваецца да парад старэйшага таварыша.
Ганне Канстанцінаўне ёсць чым ганарыцца. Сваім самым значным дасягненнем жанчына лічыць ганаровы знак заслужанага меліяратара.
– Уклад меліяратара значны для сельскай гаспадаркі. Кожны дзень мы працуем на зямлі, каб нашы сельгасарганізацыі маглі атрымліваць добры ўраджай, карміць жывёлу, – адзначае Ганна Папова.
На Слуцкім прадпрыемстве меліярацыйных сістэм акрамя спецыялістаў вузкага профілю цэняцца і рабочыя сферы будаўніцтва. Так, адна з самых запатрабаваных і прафесія зваршчыка. Гэтыя спецыялісты на адмысловым рахунку, таму што зварачныя работы патрабуюцца амаль на кожнай вытворчасці. За рух і разнастайнасць у рабоце любіць сваю прафесію электрагазазваршчык Сяргей Раманаў (на фoта).
– Чаму выбраў менавіта гэту прафесію? Зваршчыкам працаваў мой бацька. З дзяцінства любіў назіраць за тым, як ён працуе, – расказвае Сяргей Улазіслававіч. – Канешне, існуе мноства прафесій. Але мне здаецца, што мая будзе заўсёды актуальнай. Цяжка ўявіць сучасны свет без будаўніцтва, якое немагчыма без зварачных работ.
Менавіта такой – патрэбнай і актуальнай – паўстае перад намі прафесія спецыяліста па зварванні элементаў металаканструкцый, частак трубаправодаў і розных дэталяў аўтамабіляў.
Сяргей Уладзіслававіч выконвае работы па газавай зварцы дэталяў і канструкцый, строга выконваючы тэхналагічныя рэжымы зваркі, правілы тэхнічнай эксплуатацыі абсталявання і, безумоўна, тэхнікі бяспекі. Ён – спецыяліст, які здольны прымяняць сучасныя метады, накіраваныя на прадухіленне ўзнікнення дэфектаў у галіне зварнога шва, бо ад якасці працы зваршчыка залежыць надзейнасць і даўгавечнасць рознага кшталту канструкцый. Працаваць трэба не толькі якасна, але і хутка. Часта зваршчык выязджае на тэрміновыя рамонтныя работы тэхнікі, мастоў, шлюзаў.
Напэўна, сакрэт поспяховай працы Сяргея Раманава у аб’яднанні любімай справы з хобі.
– Быць прафесіяналам – гэта магчымасць рабіць сваю справу нават з заплюшчанымі вачыма. Мне прыемна, што маю працу цэняць. Увогуле, увесь калектыў нашага прадпрыемтсва выдатны – сапраўдныя прафесіяналы, – адзначае Сяргей Уладзіслававіч.
Кацярына БАРЫСЕВІЧ.