Зруйнаваны будынак сярэдняй школы №5 г. Слуцка, 1944 г.
23 чэрвеня 1944 г. пачалася Беларуская наступальная аперацыя «Баграціён» сіламі 3 франтоў – 2-га, 3-га Беларускіх і 1-га Прыбалтыйскага. 1-ы Беларускі фронт перайшоў у наступленне 24 чэрвеня. У прарыў 25 чэрвеня была ўведзена конна-механізаваная група генерала І.А. Пліева, якая хутка рухалася на захад, на Слуцкім напрамку.
На світанні 30 чэрвеня па пазіцыях ворага ў Слуцку быў нанесены кароткі, але моцны артылерыйскі ўдар. Пасля гэтага з паўночна-заходняга, паўночнага і паўднёва-заходняга кірункаў часці ўсіх трох дывізій 4-га гвардзейскага Кубанскага казацкага кавалерыйскага корпуса, а з усходу часці 219-й танкавай брыгады і мотапяхоты, а таксама 50-й гвардзейскай стралковай дывізіі пачалі атаку варожага гарнізона ў Слуцку. Пераадольваючы супраціўленне ворага, кавалерыйскія, мотастралковыя і танкавыя часці ўварваліся ў горад. Пачаліся вулічныя баі.
Удзельнік вызвалення Слуцка ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Пётр Пятровіч Малевіч, жыхар Капыля, успамінаў: «29 чэрвеня, пасля Старых Дарог, наша часць падышла да Слуцка. Нам паведамілі, што горад добра ўмацаваны ворагам і лёгкіх баёў не будзе. Была пастаўлена задача ў ходзе хуткай атакі паспець размініраваць мост цераз Случ на ўсходняй акраіне горада і даць магчымасць прайсці па ім танкам. Бой быў пад раніцу 30 чэрвеня – гарачы і жорсткі. Пакуль пяхота і артылерыя рабілі сваю справу, мы з байцамі прабраліся пад мост і паспелі зняць пад сваямі стокілаграмовыя фугасы. А потым у справу ўключыліся танкі. І нам адставаць нельга. Рухаліся мы па цэнтральнай вуліцы горада, але горада не бачылі – усё было ў агні і дыме. Сітуацыя была складаная: немцы і паліцаі дзейнічалі невялікімі групамі, і адкуль яны з’явяцца – невядома.
Аднак да гэтага часу мы ўжо навучыліся ваяваць. Душылі ворагаў танкамі, палілі агнямётамі. Нягледзячы на супраціўленне, выбілі ўсё ж такі немцаў з горада. У раёне чыгуначнага вакзала захапілі цэлы састаў з тушамі кароў і свіней, абкладзеныя льдом. Відаць, немцы не паспелі яго адправіць. У другой палове дня на заходняй ускраіне горада крышачку перадыхнулі і зноў – наперад, да перамогі».
За мужнасць і адвагу, паспяховае выкананне аперацыі ў вызваленні Слуцка 37-й (потым Слуцка-Памеранскай) механізаванай Чырванасцяжнай брыгадзе загадам Вярхоўнага Галоўнакамандуючага ад 5 ліпеня 1944 г. было прысвоена ганаровае найменне «Слуцкая».
Упартыя баі праходзілі і на паўночным ускрайку горада. У гэты час у паўднёвую частку Слуцка ўступілі часці 3-га гвардзейскага корпуса 28-й арміі. Пасля гэтага, не вытрымаўшы націску, гітлераўцы невялікімі групамі і падраздзяленнямі з баямі пачалі адыходзіць з горада, пакідаючы на сваім шляху шмат паране-ных і забітых, разбітай тэхнікі. Днём, 30 чэрвеня, камандаванне конна-механізаванай групы далажыла ў штаб фронта, што ў 11 гадзін 30 хвілін Слуцк вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Але яшчэ гадзіны дзве на заходняй ускраіне горада працягваліся баі.
У вулічных баях за Слуцк было знішчана 13 нямецкіх танкаў, 2 бронетранспарцёры, 2 артбатарэі, 4 мінамётныя батарэі, 3 дзоты, да 700 салдат і афіцэраў, былі захоплены палонныя, трафеі. Выбіўшы гітлераўцаў з горада, нашы часці адбілі танкавую контратаку ворага ў раёне вёскі Лучнікі і не далі яму прарвацца ў Слуцк. Адступаючы, нямецкія факельшчыкі ў вёсцы Бранавічы ўчынілі дымавую завесу. Многія дамы былі спалены.
У баях за вызваленне Слуцка актыўны ўдзел прымала авіяцыя, якая з паветра прыкрывала сухапутныя войскі. Штурмавікі 431-га авіяпалка атрымалі заданне: «…нанести в тылу врага штурмовой удар по технике и живой силе противника, скопившейся на железнодорожной станции Слуцк, вывести ее из строя». Павел Герасімавіч Плохаў успамінаў:
«Вылет на станцию Слуцк состоялся утром 29 июня 1944 года. От этого вылета зависел успех важной оперативно-стратегической операции на одном из участков фронта. Маршрут был рассчитан точно на полный радиус действия, примерно на 180 – 190 километров. Ведущим назначили командира первой эскадрильи капитана Д.И. Смирнова, Героя Советского Союза, заместителем ведущего был лейтенант Дроботов. Прикрывали штурмовиков восемь истребителей ЛА-5…».
431, 218 і 874-му штурмавым авіяпалкам за вызваленне горада Слуцка было прысвоена ганаровае найменне «Слуцкіх». Такое ж найменне атрымалі часці і злучэнні: 10-я гвардзейская Кубанская казацкая кавалерыйская дывізія, 1-я асобная знішчальна-процітанкавая артылерыйская брыгада, 37-я механізаваная брыгада, 53-і асобны матарызаваны пантоннамаставы батальён, 91-ы інжынернасапёрны батальён.
Вялікую дапамогу гвардзейцам і коннікам-пліеўцам аказалі партызаны, якія захоплівалі масты, пераправы, утрымлівалі іх да падыходу часцей Чырвонай арміі. Яны былі добрымі праваднікамі, па лясах і балотах выводзілі перадавыя атрады на шляхі адыходу ворага і разам з воінамі грамілі яго. Так, партызанская брыгада №64 імя В.П. Чкалава (камандзір М.М. Розаў) па ўзгадненні з савецкім камандаваннем заняла пераправу каля населенага пункта Пагост цераз раку Случ і сумесна з воінамі Чырвонай арміі павяла наступленне на Слуцк.
1 ліпеня была поўнасцю вызвалена тэрыторыя Слуцкага раёна. Горад стаў прыфрантавым. У ім размясціліся тылавыя часці, шпіталь.
Паводле кнігі «Памяць. Слуцк. Слуцкі раён». Т. 3.