У рамках мерапрыемства «Для цябе, Міншчына» маладыя людзі пазнаёміліся з работай вядучых прадпрыемстваў Слуцка па рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, абмеркавалі актуальныя пытанні, падзяліліся вопытам.


Маладыя спецыялісты пабывалі на цукроварафінадным і сыраробным камбінатах, на хлебазаводзе і камбінаце хлебапрадуктаў, наведалі гарадскі цэнтр традыцыйнай культуры, Слуцкі дзяржаўны каледж, музей гісторыі слуцкіх паясоў і Слуцкае епархіяльнае ўпраўленне. Спецыялісты прадпрыемстваў расказалі гасцям пра арганізацыю работы з моладдзю, меры маральнага і матэрыяльнага стымулявання. Напрыклад, на сыраробным камбінаце стараюцца стварыць спрыяльныя ўмовы для замацавання маладых кадраў. Тут ёсць інтэрнат, за апошнія 5 гадоў пабудавалі шматкватэрныя дамы два ЖБК, цяпер узводзіцца першы з трох запланаваных да будаўніцтва дамоў з далявым удзелам работнікаў, расказаў намеснік генеральнага дырэктара сыраробнага камбіната па ідэалагічнай рабоце Віктар Мікалаевіч Камяк. Заработная плата маладых спецыялістаў залежыць ад пасады і, канечне, ад таго, як паказаў, зарэкамендаваў сябе работнік, можна атрымаць 300 рублёў, а можна і значна больш. Зарплату трэба зарабіць, падкрэсліў намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства па вытворчасці Максім Анатольевіч Маліноўскі. І гэта не сакрэт. Уразіла ўдзельнікаў сустрэчы спартыўная база камбіната, якая размешчана ў інтэрнаце. 
Фізкультурна-масавай рабоце ўдзяляецца немалая ўвага, працуюць два інструктары. У спартыўнай зале ёсць трэнажоры, праводзяцца заняткі па фітнэсе, рыхтуюцца ўдзельнікі спаборніцтваў па гіравым спорце і дартсе. Асобнае памяшканне – для гульні ў шашкі і шахматы, більярд. Штогадова ў ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат» праводзіцца спартакіяда для работнікаў усіх філіялаў і вытворчых участкаў, удзельнічаюць і кіраўнікі. Каманда сыраробнага камбіната заўсёды ў прызёрах на розных раённых спаборніцтвах.
Другая частка мерапрыемства прайшла ў фармаце абмеркавання актуальных пытанняў па тэмах «Жыццё ў рэгіёне. Новыя магчымасці» і «Грамадзянская актыўнасць – шлях да стабільнага грамадства». У раённай цэнтральнай бібліятэцы з моладдзю дзяліліся меркаваннямі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валянціна Вітальеўна Ражанец, старшыня Мінскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў Ганна Гарчакова (неаднаразовая чэмпіёнка свету па танцах на калясках), прадпрымальнік, фіналіст праекта «Мой бізнес» Сяргей Громаў. У рамках тэмы грамадзянскай актыўнасці ўзнялі пытанні дабрачыннасці, сацыяльнага ўтрыманства, сямейнага выхавання, прафесійнага выбару, сацыялізацыі. Галоўная думка, якая прагучала ў выступленні кожнага спікера, – пачынаць трэба з малога, пачынаць трэба з сябе.
Завяршылася мерапрыемства «Для цябе, Міншчына» вялікім канцэртам і ўзнагароджаннем пераможцаў конкурсу «Малады лідар Міншчыны» і абласнога конкурсу праектаў у сферы рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. ААТ «Слуцкі цукроварафінадны камбінат» адзначана падзякай Мінскага абласнога Савета дэпутатаў за значны ўклад у рэалізацыю дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, падтрымку маладзёжных ініцыятыў і развіццё патэнцыялу моладзі. У конкурсе праектаў дыплом у намінацыі «Падтрымка маладых сем’яў» атрымаў праект «Наша дружная сям’я» аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Слуцкага райвыканкама і клуба маладой сям’і «Гармонія» Слуцкага  гарадскога палаца моладзі.
Ірына ВЕЧАР.

Похожие записи