Эксперт-хімік Дзмітрый Папалітаў
Супрацоўнікі Слуцкага міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь асвоілі новы від экспертыз
Напярэдадні пяцігоддзя з дня заснавання Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь Слуцкі міжраённы аддзел змяніў адрас і цяпер размяшчаецца на вуліцы Леніна. У новых памяшканнях – новае абсталяванне: газавы храматограф з мас-спектрометрам.
Цяпер слуцкія крыміналісты маюць сваю лабараторыю для правядзення экспертыз на ўтрыманне ўсіх відаў наркатычных, псіхатропных рэчываў і іх прэкурсораў. Гэта дало магчымасць для больш хуткай і эфектыўнай работы ў сферы наркакантролю, скарачае тэрміны прыняцця рашэнняў пры расследаванні спраў, звязаных з абаротам наркатычных рэчываў, аб затрыманні ці вызваленні фізічных асоб, у якіх выявілі магчымае наркатычнае рэчыва.
Начальнік Слуцкага міжраённага аддзела Дзяржкамітэта судовых экспертыз Мікалай Міхайлавіч Браўсевіч расказвае пра работу свайго аддзела:
– У нашым аддзеле робяць трасалагічную, балістычную экспертызы, почыркаведчыя і тэхніка-крыміналістычныя даследаванні і іншыя. Найбольш часта праводзяцца дактыласкапія і іншыя віды трасалагічнай (даследаванне слядоў) экспертызы. Работа эксперта вельмі адказная, патрабуе добрай прафесійнай падрыхтоўкі, уважлівасці, назіральнасці, акуратнасці спецыяліста. Супрацоўнікі нашага аддзела, а гэта 9 атэставаных крыміналістаў (афіцэрскі састаў) і 15 чалавек грамадзянскага персаналу, кваліфікаваныя, граматныя спецыялісты. Кожны з атэставаных экспертаў мае 7 відаў допускаў, гэта значыць можа выконваць 7 відаў экспертыз, пры неабходнасці могуць замяніць адзін аднаго.
У Слуцкім міжраённым аддзеле Дзяржкамітэта судовых экспертыз працуе сямейная пара – Кацярына і Уладзімір Гермес. Вопытныя, дасведчаныя эксперты Сяргей Аляксандравіч Хлопаў і Сямён Мікалаевіч Машко разам вучыліся ў школе, потым – у адной групе ў акадэміі, а цяпер ужо і працуюць не адзін год разам.
Вялікі аб’ём работы выконваюць судмедэксперты Вольга Мікалаеўна Шыш-Дударога, Ірына Аляксандраўна Бойка і Наталля Аляксандраўна Гадунова на чале з Васіліем Канстанцінавічам Арцімоўскім.
Эксперт-хімік Дзмітрый Папалітаў (на здымку) працуе трэці год. Асвоіў новае абсталяванне – газавы храматограф з мас-спектрометрам, займаецца экспертызай наркатычных, псіхатропных рэчываў і іх прэкурсораў. З дапамогай гэтага прыбора можна зрабіць вельмі дакладнае даследаванне рэчыва з канцэнтрацыяй нават у некалькі міліграмаў. Працэс аўтаматызаваны, камп’ютарызаваны, але без спецыяльных ведаў тут не абысціся: аналіз вынікаў спецыялістам, а не машынай, больш дакладны. Вераніка Барысавец таксама эксперт-хімік, праводзіць экспертызы спіртаўтрымліваючых вадкасцей. Раней яна працавала настаўніцай, цяпер – старшы эксперт, хутка атрымае чарговае званне.
Супрацоўнікі Слуцкага міжраённага аддзела Дзяржкамітэта судовых экспертыз пастаянна павышаюць сваю кваліфікацыю, удасканальваюць майстэрства. Ад якасці, эфектыўнасці іх работы залежаць лёсы людзей. І вельмі важна, каб маладыя людзі, якія выбіраюць прафесію эксперта-крыміналіста, разумелі, чым яны будуць займацца пасля заканчэння Акадэміі МВД, адзначае Мікалай Міхайлавіч Браўсевіч (яго сын таксама выбраў прафесію эксперта), таму праводзіцца работа па падборы кадраў для далейшага навучання. Для гэтага ў Мінскім абласным кадэцкім вучылішчы арганізавана работа факультатыва, былы супрацоўнік Слуцкага аддзела судовых экспертыз Аляксандр Вячаслававіч Хаванскі выкладае азы крыміналістыкі кадэтам.
– У нас добры, зладжаны калектыў, – гаворыць М.М. Браўсевіч. – Стараемся працаваць найбольш эфектыўна.
Ірына ВЕЧАР.