Для кожнага з нас, сядзіба – тая спадчына, зробленая рукамі і духоўная, якую атрымалі мы ад продкаў і якую павінны годна перадаць сваім дзецям і ўнукам.
Што страцілі мы з гэтай спадчыны? Што прыдбалі за свой век? Уздыхаць па старых рэчах, вяртацца да старога укладу жыцця не варта, але ведаць, як жылі нашы дзяды-прадзеды, – трэба.
2 верасня адбылося ўрачыстае адкрыццё музея ў Дзяржаўнай установе адукацыі “Сярэдняя школа № 12 г. Слуцка”.
Тут назбіралася столькі ўнікальных экспанатаў, што было вырашана стварыць этнаграфічны музей у нашай школе. Музейныя экспанаты прыносілі і вучні, і настаўнікі, і тэхнічныя работнікі, бацькі. І вось у нас ужо 130 адзінак асноўнага фонду. І гэта яшчэ толькі пачатак.
Музей наш мae назву Інтэрактыўная этнаграфічна-літаратурная гасцёўня “Бабуліны казкі”. Гэта цэнтр этнаграфічнай культуры і побыту, гэта сродак развіцця вучняў, адна з форм самаадукацыі.
Музей – гэта экскурсійная пляцоўка, якая арыентавана на вучняў, педагогаў і тых, хто зацікаўлены этнаграфічнай спадчынай беларускага народа.
Музей – гэта інтэрактыўная пляцоўка для найбольш паспяховага засваення інфармацыі вучнямі і іншымі наведвальнікамі.
Музей – гэта літаратурная гасцёўня, якая дае магчымасць праводзіць сустрэчы з цікавымі людзьмі, праводзіць тэматычныя мерапрыемствы.
Музей складаецца з 4 экспазіцый, якія распавядаюць аб побытавых асаблівасцях беларускага народа на мяжы канца XIX – пачатку ХХ стст.:
• Кут гаспадыні;
• Ганчарныя вырабы;
• Апрацоўка льну і ткацкая справа;
• Кут гаспадара.
Кожны экспанат падпісаны і аздоблены QR-кодам, дзе можна пазнаёміцца з больш дакладнай інфармацыяй.
На свяце прысутнічалі майстры па мастацкіх промыслах Квасыніцкага цэнтра рамёстваў: Барынь Наталля Аркадзьеўна, Лістапад Таццяна Мікалаеўна, Лістапад Алена Мікалаеўна, а таксама майстар па вышыўцы з вёскі Ленькі Слуцкага раёна Лешчанка Вольга Рыгораўна. Яны правялі майстар-клас з вучнямі 10 “А” класа.
Загадчык бібліятэкі-філіяла №1 Сасіновіч Галіна Васільеўна павіншавала прысутных і падарыла вытканы ручнік у музей.
Права адкрыць музей было прадастаўлена дырэктару школы Гаўрыловіч Алене Уладзіміраўне і намесніку начальніка ўпраўлення па адукацыі Слуцкага раённага выканаўчага камітэта Беразоўскай Кацярыне Сяргееўне.
Усе госці наведалі музей, дзе вучні правялі цікавую экскурсію.