19 мая, у Дзень работнікаў фізічнай культуры і спорту, у гарадскім парку культуры і адпачынку прайшлі спаборніцтвы па розных спартыўных дысцыплінах. Міжгаліновая спартакіяда, прысвечаная Дню сям’і, сабрала 7 каманд прадстаўнікоў прафсаюзных арганізацый Случчыны.
Спаборніцтвы праходзілі па сямі відах спорту: лёгкаатлетычнай эстафеце, гіравым спорце ў мужчын і скачках на скакалцы ў жанчын, перацягванні каната, дартсе і іншых.
Удзельнікаў спартакіяды вітала намеснік старшыні Слуцкага райвыканкама Ларыса Генадзьеўна Дабравольская, павіншавала з Днём работнікаў фізічнай культуры і спорту ўсіх, хто сябруе са спортам, пажадала выніковых спаборніцтваў і поспехаў ва ўсім.
– На большасці прадпрыемстваў належная ўвага надаецца фізічнай культуры, створаны ўмовы для падтрымання добрай фізічнай формы работнікаў: уладкаваны спартыўныя пляцоўкі, пакоі для заняткаў рознымі відамі спорту, трэнажорныя залы, – адзначыла старшыня Слуцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў Ала Іванаўна Русак. – Многія прафсаюзныя лідары – актыўныя прыхільнікі здаровага ладу жыцця і ўдзельнікі масавых спартыўных спаборніцтваў. Таму сімвалічна, што наша спартакіяда праходзіць у Дзень работнікаў фізічнай культуры і спорту.
Спаборніцтвы праходзілі ярка і відовішчна. Спартсменаў падтрымлівалі родныя і сябры. І нават надвор’е не сапсавала баявы настрой спартсменаў.
- Па выніках спаборніцтваў месцы размеркаваліся наступным чынам:
I месца – каманда раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў АПК;
II месца – каманда раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі;
III месца – каманда пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Слуцкай ЦРБ прафсаюза работнікаў аховы здароўя.
Пераможцы ўзнагароджаны кубкамі і медалямі. Каманды раённых арганізацый прафсаюзаў работнікаў мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў; работнікаў энергетыкі, газавай і паліўнай прамысловасці; работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму; работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў адзначаны дыпломамі і падарункамі.
Нямала прыхільнікаў спорту сабралі аматарскія спаборніцтвы па жыме лежачы, станавай цязе і армрэстлінгу, арганізаваныя спартыўным клубам «Т-34» на прызы Слуцкага камбіната хлебапрадуктаў.
Акрамя случчан у мерапрыемстве прынялі ўдзел спартсмены з Любані.
– Нашы спаборніцтвы ў Дзень работнікаў фізічнай культуры і спорту сталі ўжо добрай традыцыяй, – адзначыў адзін з арганізатараў спаборніцтваў Аляксандр Шарамет. – Вельмі радуе, што з кожным годам жадаючых прыняць удзел у іх становіцца ўсё больш. А гэта значыць, што сучасны чалавек выбірае спорт, а не цыгарэты ці шматгадзінны прагляд тэлеперадач. Нямала людзей прыйшло падтрымаць удзельнікаў спаборніцтваў. Перажывалі за спартсменаў сем’ямі. Сапернікі падабраліся моцныя. На пляцоўцы панавала атмасфера здаровай сяброўскай канкурэнцыі.
- Перамогу атрымалі:
армрэстлінг: у сваіх вагавых катэгорыях А.В. Кракасевіч, А.В. Дайнека, П.С. Люцко;
жым лежачы: Д.Г. Кандраценя, А.С. Лакідон, А.Ю. Якубовіч, А.А. Блінкоўскі, П.С. Люцко;
станавая цяга: Д.Г. Кандраценя, А.С. Лакідон, Л.А. Казубовіч, А.А. Буян, А.В. Шарамет.
Пераможцы адзначаны дыпломамі, медалямі і падарункамі ад Слуцкага камбіната хлебапрадуктаў.
Ірына МАЛЯЎКА.









