Каля будынка Амговіцкага лясніцтва Слуцкага лясгаса – высотная пажарная вежа. За час сваёй работы ў лясніцтве, а гэта 40 гадоў, ляснічы Іван Уладзіміравіч Гуткоўскі “пакараў” яе незлічона, здаралася, па некалькі разоў на дзень, не звяртаючы ўвагу, у яснае надвор’е або ў дождж ці снегапад. Цяпер за сітуацыяй на тэрыторыі лясніцтва сочаць з дапамогай відэаназірання: на маніторы кам’ютара – тэрыторыя як на далоні: лясныя ўгоддзі і дэндрапарк, і пчолапасека…
– Усе лясніцтвы нашага лясгаса аснашчаны такімі сістэмамі відэаназірання, – адзначае Іван Уладзіміравіч. – Сучасныя тэхналогіі на ўзбраенні работнікаў лесу. Цяпер, каб выявіць пажар ці якія іншыя праблемы на тэрыторыі лясніцтва, не трэба лезці па вежы да аблокаў…
Ён усміхаецца, размова працягваецца. Плошчы лясных рубак догляду, нарыхтоўкі драўніны, пасадкі лесу Амговіцкага лясніцтва – каля 9 тысяч гектараў. Пад началам ляснічага Івана Уладзіміравіча Гуткоўскага акрамя спецыялістаў працуюць 10 ляснікоў, два трактарысты, вадзіцель, іншыя работнікі, у лясніцтве 10 адзінак тэхнікі, у тым ліку пагрузачныя машыны. Калектыў лясніцтва спраўна працуе, напрыклад, па выніках работы ў першым квартале гэтага года лідзіраваў у лясгасе па нарыхтоўцы драўніны. Каб спыніць наступствы шкоды жука-караеда, на тэрыторыі лясніцтва ў гэтым годзе правялі сплашныя санітарныя рубкі соснаў на плошчы 140 гектараў.
Гэта статыстыка. А за ёй – вялікая праца людзей, бясконца адданых лясной справе.
-Я патомны ляснік, – гаворыць Іван Уладзіміравіч. – Мой бацька таксама быў лесніком. З малых гадоў я прывычны да лесу, прывучаны да беражлівых адносін да яго. Гэта прыроднае багацце нашай Беларусі, залог добрай экалогіі, прыгажосці, жыцця. У лясной гаспадарцы ўсяго я працую 46 гадоў. Хоць нярэдка і цяжка было, як адзін дзень гады праляцелі. Шчыра кажучы, я шчаслівы, што ў мяне такая цудоўная – любімая справа.
За выдатную работу Іван Уладзіміравіч Гуткоўскі ўдастоены звання “Ганаровы лесавод Беларусі”, ляснічы першага класа, адзначаны шматлікімі граматамі. У тым, што ён выдатны арганізатар, што ў Амговіцкім лясніцтве працуе старанны ініцыятыўны калектыў, пераканалася падчас наведвання лясніцтва. Як прыгожа аформлены клумбы ў двары лясніцтва, як арыгінальна падстрыжаны дрэвы. Ды памяшканне лясніцтва ўнутры болей нагадвае казачны дом – якія арыгінальныя драўляныя пано, зробленыя работнікамі лясгаса, упрыгожваюць сцены будынка.
Прыемна, што любоў да лесу захоўваецца і ўмацоўваецца ў прафесійнай пераемнасці пакаленняў. Сын Івана Уладзіміравіча Уладзімір працуе ў Амговіцкім лясніцтве памочнікам ляснічага. Некаторы час Уладзімір жыў у Мінску, аднак цяга да родных мясцін, лясной прасторы аказаліся мацней. У Амговічы ён і жонку з Мінска перавёз: Святлана Віктараўна Гуткоўская паспяхова працуе ў лясніцтве, заемаецца афармленнем ландшафтных зон, іншымі работамі, прыгожы дэндрапарк у лясніцтве – у немалой ступені гэта яе рук справа. А яшчэ ў маладой сям’і Гуткоўскіх падрастаюць двое дзетак. Гавораць, унук Івана Уладзіміравіча Гуткоўскага гэтак жа захоплены лесам…
Наталля Селязнёва.