І работа, і захапленне
– Мне падабаецца працаваць у
лесе, уражваюць цішыня, прыгажосць прыроды, – гаворыць Валерый Сяргеевіч Шыловіч. – Калі трапляю ў
мітуслівую шматлюдную атмасферу, іншы раз нават некамфортна сябе адчуваю.
Прывык да ляснога спакою…
Слухаю Валерыя і думаю: вось
просты чалавек, універсітэтаў не заканчваў, а якая глыбокая, трывалая асоба, як
тонка адчувае родную прыроду, заўважае і цэніць прыгажосць. Такія людзі і
сапраўды соль зямлі нашай, бо не пафаснымі словамі, а вернасцю, канкрэтнай справай
злучаны яны з роднай старонкай.
Валерыю 34 гады, разам з
сям’ёй – жонкай і дзвюма дачушкамі – ён жыве ў вёсцы Амговічы, а нарадзіўся ў вёсцы Паўлаўка. 15 гадоў
працуе ў Амговіцкім лясніцтве Слуцкага лясгаса. Быў лесніком, але вырашыў
паспрабаваць свае сілы за штурвалам трактара: займаецца пагрузкай і вывазкай
лесу з лесасек, разгрузкай яго на прамежкавых складах. Трактарыстам у лясгасе
працуе 9 гадоў.
– Давялося працаваць і на
зернеўборачным камбайне, аднак лес “перамог”, тут я, як дома, – усміхаецца
Валерый Сяргеевіч. – Ёсць, канечне, свая спецыфіка і свае цяжкасці. Увосень і
ўзімку, напрыклад, няпроста бывае, каб дабрацца да лесасекі дзе-небудзь у
аддаленым месцы нярэдка даводзіцца масціць дарогу галлём, ды вывазку лесу ў
такіх умовах прагулкай не назавеш. Аднак я не лічу гэта цяжкасцю. Дарэчы, зіма
мне асабліва падабаецца…
Валерый Сяргеевіч працуе на
трактары МТЗ-82, з дапамогай пагрузачнай транспартнай машыны спраўна праводзіць
пагрузку-выгрузку бярвенняў. Я сама бачыла: работу выконвае філігранна,
акуратна, бярвенні ўкладвае роўненька, быццам дом будуе. Ды паказчыкі гавораць
аб яго стараннасці і прафесіяналізме: пры нарматыве 840 кубаметраў Валерый
Сяргеевіч у сярэднім за месяц вывозіць і адгружае 1 200 – 1 300 кубаметраў
лесу. Тэхніка працуе бездакорна, Валерый сам займаецца яе рамонтам,
рэгуліроўкай.
Як і іншыя працаўнікі лясгаса,
мой субяседнік беражліва ставіцца да лесу, гаворыць, людзі, наведваючы лясныя
ўгоддзі, нярэдка наносяць шкоду, смецце
пакідаюць. Валерый таксама заклапочаны, што сосны псуе караед. Супрацьстаяць
гэтаму маленькаму, але ненасытнаму шкодніку няпроста. Аднак на думку Валерыя
Сергеевіча, у гэтым годзе работнікам лясгаса ўдалося спыніць яго наступленне,
ліквідаваць наступствы. Дарэчы, Валерыю давялося працаваць і на тэрыторыі іншых
лясгасаў, у тым ліку ў 2015 годзе ён удзельнічаў у ліквідацыі наступстваў
буралому ў Смалявіцкім раёне.
За выдатную работу Валерый
Сяргеевіч Шыловіч неаднаразова адзначаны граматамі рознага ўзроўню, яго
фотаздымак занесены на Дошкі гонару Слуцкага лясгаса і Амговіцкага лясніцтва.
Аднак не дзеля ўзнагарод працуе Валерый, гаворыць, чалавек абавязаны годна,
сумленна выконваць сваю справу, у адваротным выпадку, чаго ж ён варты…
У вясковага жыхара заўсёды
хапае клопатаў на ўласным падворку. Аднак Валерый знаходзіць час і на сваё
захапленне. І як вы думаеце што гэта? Ціхае паляванне! Разам з сям’ёй у вольны
час Валерый Сяргеевіч любіць збіраць грыбы. Расказвае, летам збіралі лісічкі, а
вось восеньскіх грыбоў пакуль мала – сухая зямля. Калі ж пройдуць дажджы, можна
зноў адпраўляцца па грыбных мясцінах.
-І не надакучыў вам лес, і ў
будні, і ў выхадныя? – пытаюся.
-Ніколечкі, лес можна пазнаваць,
адкрываць для сябе бясконца, – чую ў адказ.
Наталля Селязнёва.