«Калі ж мы памерлі з Хрыстом, то верым, што і жыць будзем з Ім, ведаючы, што Хрыстус, які ўстаў з мёртвых, ужо не памірае, смерць ужо не мае над Ім улады».
Рым 6, 8-9
Урачыстасць Уваскрасення Пана – гэта свята перамогі Езуса Хрыста над грахом і смерцю. Езус Уваскрос! Ён жыве і будзе жыць ва ўсе вякі! Гэта праўда, якая аб’ядноўвае Усемагутнасць Бога, Які адзіны з’яўляецца Панам і Валадаром жыцця і смерці.
«Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына Свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае». (Ян 3, 16). Крыж Хрыста – гэта знак любові Бога да чалавека. Пусты гроб – гэта знак перамогі Езуса Хрыста над смерцю. Калі мы дазволім дзейнічаць Усемагутнаму Богу ў нашым жыцці, калі адкрыем дзверы нашых сэрцаў Уваскросламу Хрысту, то і ў нашым жыцці настане цуд уваскрасення, цуд перамены нашых сэрцаў – паўстанне са смерці ў граху да жыцця ў Божай ласцы.
Дарагія жыхары нашага горада і раёна, жадаем вам, каб кожны з вас перажыў цуд уваскрасення і сустрэў на сваёй дарозе жыцця Жывога Хрыста, Які адзіны можа напоўніць вашыя сэрцы сапраўдным супакоем і радасцю!
Няхай любоў Хрыста кожны дзень перамагае,
Няхай святло Хрыста жыццё асвячае,
Няхай полымя надзеі ніколі не згасае,
А сэрца бязмежна Богу давярае!
настаяцель парафіі св. Антонія
а. Алексій Рамановіч і парфіяне.