Ураджэнку вёскі Еўлічы катавалі фашысты, але яна не выдала таварышаў па барацьбе з ворагам.

80 гадоў пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны… Сёння мы жывём пад мірным небам і з цяжкасцю можам уявіць, як калісьці на нашай зямлі ішла гэта бязлітасная вайна, як забівалі дзяцей і разлучалі іх з матулямі, як ставілі вопыты на хлопчыках і дзяўчынках. А, між тым, так было. Мы гэта ведаем, і сэрца сціскаецца ад болю…

Вайна па-рознаму ўварвалася ў жыццё кожнага чалавека. Але агульнымі для ўсіх былі людскія пакуты і мільёны заўчасна абарваных жыццяў, незлічоныя матэрыяльныя страты, спаленыя гарады і вёскі.

Прайшлі гады. Зарубцаваліся раны, пакінутыя ваенным ліхалеццем. Але аб мінулым напамінаюць маўклівыя помнікі, што, углядаючыся ў нябесную сінь, нібыта кажуць вуснамі загінулых: «Памятайце, памятайце нас! Гэта мы, хто змагаўся за родны край!».

У вёсцы Еўлічы на старых могілках знаходзіцца магіла партызанскай сувязной  Лідзіі Ігнататаўны Стральчэні, якая нарадзілася  ў вёсцы Еўлічы ў 1918 годзе. Выйшла замуж за лейтэнанта і да вайны жыла разам з сям’ёй у горадзе Масква.

Перад вайной, у чэрвені 1941 года, Ліда прыехала з дачкой у госці да сваіх бацькоў адпачыць летам у вёсцы, пазнаёміць дзядулю з бабуляй з унучкай. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, ёй было толькі 23 гады.  Не разважаючы ні хвіліны, Ліда адразу пайшла ў партызаны. Не спалохалі яе і загады акупантаў з пагрозай расстрэлу за дапамогу партызанам, за ратаванне чырвонаармейцаў, якія былі абнародаваны ва ўсіх населеных пунктах. Маці і бацька нічога не ведалі пра занятак дачкі, але магчыма дагадваліся, бо Ліда часта бывала ў Слуцку.

Аднаго разу ноччу ў хату сувязной завіталі немцы. Яны забралі Лідзію Ігнатаўну. Цэлы месяц утрымлівалі партызанскую сувязную ў слуцкай турме пад следствам. Кожны дзень пабоі, здзекі, зноў допыты. Колькі гітлераўцы ні катавалі дзяўчыну, нічога ад яе пра партызан не даведаліся.

Вядома, яна была асуджана на пагібель і разумела гэта, хоць і не вельмі шкадавала аб гэтым.  Выратаваць яе нішто не магло, ды і яна не спадзявалася на цуд, ведала,  што для такіх як яна выратавання няма.

Пасля катаванняў Ліду павялі на расстрэл. У Гаравасе была выкапана вялікая яма. Яна была напалову запоўнена людзьмі, а другая полова была яшчэ пустая.  Вось тут у маі 1942 года была расстраляна фашысцкімі катамі партызанская сувязная. Бацькі хацелі забраць цела дачкі днём і пахаваць, але жанчыны вёскі Селішча параілі зрабіць гэта ноччу, бо днём немцы могуць убачыць іх з вышкі і таксама растраляць .

Ноччу шукаць цела  было вельмі складана. З цяжкасцю бацька знайшоў знявечанае цела Ліды,  аднес  яго ў баразенку,  прысыпаў зямлёю.  Аднаму несці было цяжка. Ён змагаўся са слязьмі, якія градам сыпаліся па твары, з грудзей рваўся боль і крык. За што, за што нам усё гэта?

Дома пастарэўшы ад гора бацька зрабіў дамавіну і ўжо на наступную ноч разам з братам  прынеслі цела дачкі дадому.  Неслі крадучыця, хаваліся за кожны кусцік. Маці абмыла твар, абцерла крывавыя раны, абутак на ногі не змаглі абуць і паклалі ў дамавіну.

Гэтай жа ноччу Ліду пахавалі на могілках у Еўлічах, а магілу бацька зраўняў, каб ніхто не здагадаўся, дзе знаходзіцца магіла партызанкі і што яе пахавалі менавіта тут. Немцы, каб хто данёс, маглі пакараць усю сям’ю.

Тая вясна была вельмі багата на кветкі, на цеплыню. Ніколі яшчэ бэз не расцвітаў так, як у той гаротны май. Ён сінеў цэлымі азяркамі па садах вёскі Еўлічы. Але бэз у тую вясну нікога не хваляваў і нікога не радаваў. Магчыма, ён цвіў для Ліды. Ападаючы пялесткі кветачак плакалі і сумавалі аб маладой патрыётцы.

У памяць аб сваёй зямлячцы вучні нашай школы ДУА «Акцябрская базавая школа імя В.Віткі» змаглі знайсці дачку сувязной Стральчэні Лідзіі Ігнацьеўны і звязаліся з ёй. Надзея Лук’янаўна Васільева пражывала на Украіне. Была наладжана з ёй перапіска. Подчас перапіскі дачка даслала на адрас школы фотаздымак сваёй маці і ліст.

Надзея Лук’янаўна пісала, что пра сваю маці, яна амаль нічога не памятае, так як была зусім малая. Пасля таго, як арыштавалі Ліду, дачку яе схавалі ў суседняй вёсцы, баяліся, что немцы прыйдуць і за дзіцем.

Я ганаруся, што ў мужнай барацьбе разам з усім народам актыўна ўдзельнічалі мае землякі.Удзячныя нашчадкі ніколі не забудуць подзіг адважнай камсамолкі, здзейснены дзеля жыцця на зямлі. З пачуццём адказнасці і пашаны мы сёння гаворым: «Нізкі паклон табе, слаўнае пакаленне Вялікай Айчыннай вайны!».

 Мы ўшаноўваем памяць тых, хто не вярнуўся з поля бою і ўдзячны тым, хто сваім жыццём заплаціў за мірнае неба.

 Святлана Бачкоўская, настаўнік пачатковых класаў ДУА «Акцябрская базавая школа імя В.Віткі».

Беларусьпомнит_Минщинагордится

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие записи