Случчанін Аляксандр Мікалаевіч Рамашка (на здымку ў цэнтры) увайшоў у тройку лепшых дзіцячых трэнераў Беларусі. На цырымоніі «Зорны мячык» у Доме футбола 16 снежня падвялі вынікі галасавання трэнераў і кіраўнікоў дзіцяча-юнацкіх футбольных школ. Трэнер СФК «Слуцк» заняў трэцяе месца.




Яго каманда юнакоў 2003 года нараджэння стала сярэбраным прызёрам чэмпіянату Мінскай вобласці, а юнакі 2001 года нараджэння нядаўна перамаглі на турніры ў Ковелі. На працягу сезона выхаванцы А.М. Рамашкі паспяхова выступалі на розных турнірах, а Уладзіслава Сычова вызвалі ў зборную Беларусі U-16. Зразумела, роля трэнера ў поспехах юных футбалістаў вялікая. Знаёмімся з Аляксандрам Мікалаевічам бліжэй.

– Як Вы прыйшлі ў футбол?
– Я вучыўся ў сярэдняй школе №12 у Слуцку. Калі быў у пятым класе, наш настаўнік фізкультуры Аляксандр Міхайлавіч Цэвенкоў заўважыў, што ў мяне добра атрымліваецца абводзіць сапернікаў і забіваць галы. Ён і накіраваў мяне да трэнера Аляксандра Аляксандравіча Касцюкевіча. На той час я займаўся гандболам,  але толькі таму, што на трэніроўках мы часта гулялі і ў футбол. Я пайшоў да Аляксандра Аляксандравіча, мне спадабалася, і я стаў займацца футболам. У нас склаўся добры дружны калектыў (1987 – 1989 гг. нараджэння). Я быў капітанам у камандзе юнакоў 1988 года нараджэння. І гэта было так адказна, прыемна і хвалююча. Стараўся быць лідарам і на полі, і па-за футбольнай пляцоўкай. Цудоўная была каманда. 

Дарэчы, на нядаўнім камерцыйным турніры, прымеркаваным да Дня барацьбы са СНІДам, у складзе каманды «Фаварыт», якая перамагла, гулялі Максім і Яўгеній Чарнушэвічы, Аляксандр Гурбо з той нашай каманды юнакоў 1988 года нараджэння. А Жэня Чарнушэвіч марыць на наступны такі турнір сабраць усіх нас. У вышэйшай лізе па  міні-футболе цяпер гуляе Вячаслаў Быкоўскі, у страі таксама Яўгеній Барысевіч, Дзяніс Бабак, Сяргей Андруховіч.

У 16 гадоў я трапіў у мінскую каманду «Змена», потым у салігорскі «Шахцёр», трэніраваўся ў дублі. Я вельмі ўдзячны Аляксандру Аляксандравічу Касцюкевічу, ён падтрымліваў, гаварыў, што ўсё залежыць ад мяне, ад майго жадання і ўмення працаваць.  Пасля я выступаў за слуцкую каманду ў чэмпіянаце вобласці. Яшчэ большую любоў да футбола, яго разуменнне прывіў мне тады Юрый Міхайлавіч Крот. 

Я атрымаў прафесію інжынера, падчас вучобы ў БАТУ гуляў за ўніверсітэцкую каманду па міні-футболе.

– Як сталі трэнерам? Чаму лічыце патрэбным навучыць сваіх выхаванцаў?
– Трэнерам стаў па прапанове Аляксандра Яўгенавіча Дубіцкага. Закончыў БДУФК, вучыўся на трэнерскіх курсах УЕФА, атрымаў катэгорыю В, цяпер ужо маю і катэгорыю А. Я трэнірую юнакоў 2001 і 2003 гадоў нараджэння. Калі сам гуляў у футбол, валодаў нядрэнна тэхнікай, было развіта футбольнае мысленне, добра бачыў поле, гэтаму  хачу навучыць і дзяцей, плюс развіваць каардынацыйныя здольнасці.

Мне падабаецца працаваць з дзецьмі. Тлумачу ім, што можна і чаго нельга рабіць на полі, як рыхтавацца да гульні, як аднаўляць сілы пасля матчу, пасля трэніровак. Вядома, без выхаваўчых момантаў не абыходзімся. Цаню ў сваіх гульцах адказнасць. Хачу, каб выхаванцы не спыняліся на дасягнутых выніках, стараюся, каб яны ўдасканальваліся, прагрэсіравалі. І не забывалі пра бацькоў, родных блізкіх, яны заўсёды падтрымліваюць.

– Што для Вас футбол?
– Гэта гульня для мяне многае значыць, я вельмі люблю футбол. Ён  дае многа эмоцый, гэта адрэналін. Дзякуючы футболу я пазнаёміўся з цікавымі людзьмі. Футбол загартаваў характар. У мяне сваё бачанне гульні і, нягледзячы на крытыку, я прытрымліваюся сваёй лініі. І футбол, я лічу, дапамог знайсці мне сваё прызванне.

Але ж на першым месцы для мяне заўсёды будзе сям’я. Гэта мая падтрымка ў любую хвіліну. У дачушкі любімая цацка – футбольны макет, бывае нават цяжка забраць яго ў яе, любіць фішкі перасоўваць.

– Якія былі эмоцыі, калі пачулі на цырымоніі «Зорны мячык» сваё імя?
– Здзівіўся, годных спецыялістаў намінавана было многа. Але ж выбар трэнераў прыемны. Гэта, канечне, і адказнасць. Я ведаю, над чым яшчэ трэба працаваць і мне, і з камандамі. Для самаўдасканалення і дасягнення лепшых вынікаў я чытаю спецыяльную літаратуру, гляджу відэаўрокі, шукаю новыя цікавыя практыкаванні для рабят. У наступным сезоне я працягну працаваць са сваімі камандамі. Сярод гульцоў нямала перспектыўных юнакоў, нам ёсць да чаго імкнуцца! У планах – павысіць вынікі і камандныя, і асабістыя. Расціць чэмпіёнаў!

Ірына ВЕЧАР.

Следующая запись

Похожие записи