Капітан каманды СФК «Слуцк» Ігар Бабко, без сумнення, застаецца любімцам слуцкіх аматараў футбола на працягу некалькіх гадоў. Ён падыходзіць да балельшчыкаў пасля кожнай гульні, пераможнай ці няўдалай, і я бачу гэту любоў – яго абдымаюць, ціснуць яму руку, фатаграфуюцца, ён на полі да апошняга сэлфі з юнымі прыхільнікамі. Якім быў сезон 2017 для капітана асабіста і для каманды, расказвае Ігар Бабко. 

Сезон-2017
– Завяршылі сезон на сёмым месцы, вышэй сярэдзіны, гэта вельмі прыемна. Хаця… маглі і лепш. Але не склалася. Себаі, моцны, ключавы футбаліст, вакол якога завязвалася гульня, пакінуў клуб, псіхалагічна было не вельмі ўтульна: многа размоў пра чацвёртае месца, ды і сапернікі сталі па-іншаму ставіцца да нас. Так, 7 месца – нядрэнны вынік, але балельшчыкі хацелі б лепшага. Я як капітан выбачаюся. Мы стараемся, ды не заўсёды ўсё атрымліваецца. Але ж мы гуляем для іх, няхай будуць з намі. Я выбачаюся, таму што маглі паказаць лепшы вынік, але не ўтрымалі пазіцыі.
Ключавы момант – першая гульня другога круга з «Нафтанам». Псіхалагічна цяжка было, страцілі важныя ачкі. Вядома, трэба было выйграваць, а мы вось… Некаторая недаацэнка саперніка.
Было і многа яркіх падзей. 7 месца, выхад у паўфінал Кубка Беларусі і наша добрая гульня з «Шахцёрам». Ну і, вядома, абыграць чэмпіёна дарагога каштуе. Я з-за траўмы быў на трыбуне, калі гулялі з БАТЭ, вельмі перажываў. Так радаваўся за хлопцаў, што ўпісалі ў гісторыю нашага клуба гэту старонку. 
Для мяне гэты сезон не быў лепшым, я не задаволены сабой. Ведаю, што магу мацней гуляць, магу больш. Нават калі ўзяць статыстыку і па галявых перадачах, на іх у мяне, як кажуць, чуццё, а ў гэтым сезоне нешта не склалася. Магчыма, гэта і  з-за траўм. 
Любімец балельшчыкаў
На полі я заўсёды аддаюся гульні. Думаю, людзі гэта бачаць. Можа, не заўсёды атрымліваецца, але я вельмі стараюся, змагаюся да апошняга. Пэўна, балельшчыкі за гэта цэняць. Я ім удзячны за падтрымку і ў цяжкія хвіліны.
Памяняць клуб? Магчыма, калі б раней… Ужо не той узрост, каб дабівацца супервяршынь. Таму вырашыў, што ў «Слуцку», пэўна, і закончу прафесійную кар’еру. У мяне былі прапановы, але не атрымалася перайсці. І я не шкадую. Я вельмі люблю наш клуб, адданы яму. Параўнанне з Тоцці, канечне, занадта моцнае, няхай я буду Бабко для «Слуцка».
Дзякую балельшчыкам. Яны ў нас супер. Падтрымліваюць дома і на ўсіх выездах, асабліва прыемна, што не адварочваюцца нават пасля нашых няўдач. У апошнім дамашнім матчы з «Віцебскам» у мяне не атрымалася гульня, хоць і забіў гол. Пасля падышоў да балельшчыкаў, а яны абдымаюць, дзякуюць за гульню і за сезон (Ігар расчулены гэтым успамінам)… Эмоцыі перапаўнялі, гэта так кранае, прыемна… Я вельмі рады, што ў нас такія балельшчыкі.
Перспектывы
З Віталіем Генадзьевічам працаваць было добра. Ён настройваў нас: змагацца да апошняга, не саступаць у кожным эпізодзе, падбіраў такія словы, каб рабяты заводзіліся.
Калі ўзмацнім пару пазіцый, у наступным сезоне, думаю, можам пазмагацца і за вышэйшае месца ў турнірнай табліцы. У нас цудоўны клуб, добрая каманда, кіраўніцтва, балельшчыкі, стадыён. Усё для таго, каб мы раслі. Калі прыйдуць гульцы, якія рэальна дапамогуць камандзе, то можам, напэўна, і за месца ў першай пяцёрцы спаборнічаць.
Да пабачэння…
Сезон няпросты, стомленасць ёсць і фізічная, і псіхалагічная. Цяпер сям’я, адпачынак, сынуля чакае вельмі, увесь час пытае, калі ўжо буду дома. Сям’я для мяне гэта ўсё. Будзем ездзіць у Мінск, наведваць гарналыжныя комплексы  ў Беларусі. Адпачнём, а ў наступным годзе – у бой.
Запісала Ірына ВЕЧАР.

Похожие записи