У свеце  шмат моў, але толькі адна з іх – родная – самая прыгожая, мілагучная і дарагая сэрцу. 21 лютага ў Міжнародны дзень роднай мовы паўсюль пануе  матчына  слова.

У нашай школе гэты дзень прайшоў пад дэвізам «Я люблю беларускую мову» і пачаўся з аднайменнай акцыі. Кожны, хто заходзіў у школу, атрымліваў стужку з беларускім арнаментам, паштоўкі «Размаўляй са мной па-беларуску».

Пасля першага ўрока паглядзелі прэзентацыю «Вясёлыя словы беларускай мовы». Правялі таксама конкурс творчых работ, фізкультхвілінкі пад народныя песні, цікавую квэст-гульню «Беларуская скарбонка» для вучняў 5 – 8 класаў. Вучні 5 – 11 класаў адчулі сябе сапраўднымі мастакамі, ствараючы калажы «Збяром разам букет беларускіх кветак». Кніжная выстава пазнаёміла з  творамі беларускіх пісьменнікаў.

Падчас літаратурна-музычнай кампазіцыі «Жывое ў вяках беларускае слова» прагучалі цудоўныя словы беларускіх пісьменнікаў пра матчыну мову, вершы беларускіх паэтаў.

Дзень запомніўся ўсім. Кожны далучыўся да моўнай скарбніцы Беларусі, наблізіўся да разумення таго, што мову нашу трэба берагчы, бо ў ёй захавана гісторыя нашага народа.

Смак роднай мовы не павінен забывацца на наступны дзень. Калі ты нарадзіўся беларусам, калі ты жывеш на беларускай зямлі, нельга не шанаваць родную мову.

Наталля САЛАВЕЙ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Лучнікоўскай СШ.

Похожие записи