«Я заўсёды імкнуся знайсці падыход да чалавека, калі гэта атрымліваецца, то самы канфліктны пацыент становіцца тваім лепшым сябрам», – такога прынцыпу прытрымліваецца ўрач-інфекцыяніст першага інфекцыйнага аддзялення Слуцкай цэнтральнай раённай бальніцы Яўгеній Чарапанскі.

– Не магу сказаць, што з дзяцінства марыў надзець белы халат, – прызнаецца малады спецыяліст. – Пайсці ў медыцыну мне прапанавала тады яшчэ будучая жонка. Я падтрымаў гэту ідэю і з таго самага моманту не бачыў сябе ў іншай прафесіі. Мы пачалі актыўную падрыхтоўку да паступлення і ў нас усё атрымалася. Мы скончылі Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт. Жонка абрала для сябе спецыяльнасць акушэра-гінеколага, я ж спецыялізаваўся на педыятрыі.
Яўгеній Анатольевіч родам з Капыльскага раёна, у прафесіі ўжо другі год.
Папрацаваць у спакойнай абстаноўцы маладому чалавеку давялося ўсяго паўгода, пачалася пандэмія COVID-19. І Яўгеній Анатольевіч перакваліфікаваўся ва ўрача-інфекцыяніста.
– Наша аддзяленне было на перадавой, – адзначае ўрач. – З часам мы адаптаваліся да сітуацыі, менш мітусімся. Ды і людзей хварэе паменш. Але мы ўсё роўна не расслабляемся і знаходзімся ў поўнай «баявой» гатоўнасці.
Па словах Яўгенія Анатольевіча, прафесія ўрача-інфекцыяніста цікавая, таму што пад інфекцыйнай маскай можа працякаць любая іншая хвароба. Акрамя кавіда, часцей за ўсё, па словах урача, случчане пакутуюць ад рэспіраторных і кішэчных інфекцый.
Самым цяжкім для маладога спецыяліста быў выпадак, калі ў аддзяленне паступіла маленькае дзіця з менінгітам.
– Такое лепш не бачыць, – адзначае Яўгеній Анатольевіч. – Паверце, гэта  страшна. Цяпер, наколькі я ведаю, у дзіцяці ўсё добра. Наогул балюча, калі хварэюць маленькія дзеці.
Больш за ўсё ў прафесіі маладому чалавеку падабаюцца зносіны з пацыентамі, па словах урача, кожны чалавек – гэта свая гісторыя.
– Тыя ж бабулі могуць расказаць вам шмат цікавага. І асабіста я ад такіх размоў па душах не стамляюся, – адзначае малады спецыяліст.
Задавальненне ад работы, калі радуюцца пацыенты, кажуць дзякуй.
– Я б усё аддаў, каб нашы пацыенты больш не хварэлі. Асабліва гэта тычыцца маленькіх дзяцей, – гаворыць Яўгеній. – Дзяцей наогул прыемна лячыць, таму што яны заўсёды на пазітыве.
«Не ўяўляеце, колькі радасці, калі бачыш, што пацыент ідзе на папраўку. Значыць, я зрабіў усё правільна. І нездарма ў гэтай прафесіі». 
Калі скончыцца пандэмія, Яўгеній Анатольевіч як урач-педыятр плануе працаваць у дзіцячым інфекцыйным аддзяленні.
На пытанне аб масавай вакцынацыі ўрач адзначыў, што рабіць прышчэпку неабходна, і заклікае не надта давяраць інтэрнэту.
– Людзі начытаюцца  матэрыялаў з загалоўкамі «прышчапіўся і памёр», а пра тое, што такія ўскладненні бываюць у 0,1%, ніхто не піша, бо гэта не зацікавіць чытача, – адзначае ўрач. – У нас у аддзяленні ўсе зрабілі прышчэпкі, ніхто пасля гэтага на бальнічны не пайшоў.
Аб калектыве, у якім працуе, малады спецыяліст гаворыць вельмі цёпла, адзначае, што вельмі рады, што, яшчэ калі быў інтэрнам, трапіў менавіта ў гэта інфекцыйнае аддзяленне.
У вольны ад працы час Яўгеній вудзіць рыбу, але цяпер практычна ўвесь вольны час аддае трохмесячнаму сыну і жонцы: стараецца вывезці іх за горад да бацькоў, выйсці на прагулку па горадзе, выехаць на прыроду.
Ірына МАЛЯЎКА.

Похожие записи