Удзел у прадметнай алімпіядзе – гэта праверка ведаў, саперніцтва, новыя знаёмствы і імкненне да поспеху. У трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды прынялі ўдзел 10 навучэнцаў гімназіі №2, 7 атрымалі дыпломы: па нямецкай мове дыпломы I cтупені ў Крысціны Ждановіч і Марыны Разальскай, II ступені ў Алесі Галубіцкай, III ступені ў Ігара Жука, Ульяны Чарніковіч і Ігара Лук’яненка; у Вадзіма Крэпскага дыплом III ступені па матэматыцы. Згадзіцеся, ёсць чым ганарыцца! Таму і ўзнікла ідэя правесці такую сустрэчу.
Падчас прэс-канферэнцыі ўдзельнікі алімпіяды ахвотна дзяліліся вопытам. На думку многіх, галоўнае – трывалыя веды, а самае складанае – пераадолець свой страх, хваляванні. Рабяты гаварылі, што важна не памыліцца з прадметам, па якім прымеш удзел у алімпіядзе, а калі хочаш, каб вынік быў выдатным, трэба ўсе сілы прыкласці для дасягнення мэты, іншыя інтарэсы адкласці на другі план. Але і пра адпачынак забываць не трэба. Многія заўважылі, што важнае месца ў падрыхтоўцы да алімпіяды займае самаадукацыя.
Старшакласнікі, якія прысутнічалі на прэс-канферэнцыі, актыўна задавалі пытанні, цікавіліся цяжкасцямі ў час падрыхтоўкі. Многія з іх выказалі жаданне ўдзельнічаць у алімпіядзе ў наступным годзе.
Кацярына Андросава.