Новая кацельня ў 11-м гарадку.
Працягваюцца работы па падрыхтоўцы да асенне-зімовага сезона цеплавой гаспадаркі Слуцкай ЖКГ. Пра гэта карэспандэнту «Слуцкага краю» расказаў начальнік кацельнай вытворчасці КУП «Слуцкая жыллёва-камунальная гаспадарка» Юрый Віктаравіч Лукашэвіч.
Начальнік участка па рамонце кацельнага абсталявання Г.І. Барачэня на кацельні ў вёсцы Белічы.
– Падрыхтоўка да новага ацяпляльнага перыяду ідзе планава, спакойна, у штатным рэжыме. На балансе Слуцкай ЖКГ – 54 кацельні, у тым ліку 16 – у Слуцку, 38 – у сельскіх населеных пунктах раёна. На цеплакрыніцах праведзены неабходныя рамонтныя работы, пашпарты гатоўнасці ўжо выдадзены на 47 кацельняў, – падкрэсліў Юрый Віктаравіч. – На дзвюх кацельнях правялі мадэрнізацыю абсталявання: на кацельні ў Белічах (школа) замянілі тры старыя катлы двума больш эфектыўнымі, кацельню ў населеным пункце Знамя (яслі-сад) перавялі на прыродны газ і аўтаматычнае кіраванне. Несумненна, што да першага кастрычніка на ўсе нашы цеплакрыніцы атрымаем пашпарты гатоўнасці.




Рамонт кацельні ў вёсцы Маяк, працавалі слесары-рамонтнікі Максім Васільевіч Валадковіч і Міхаіл Васільевіч Гардзейчык.
Асабліва Юрый Віктаравіч спыніўся на новай кацельні ў 11-м гарадку ў Слуцку, дзе ўжо завяршаюць мантаж абсталявання. Гэты цеплавы аб’ект узведзены за сродкі абласнога бюджэту і Міністэрства энергетыкі краіны, агульны кошт яго 13,9 мільёна рублёў. Мой субяседнік патлумачыў, што абсталяванне дзеючай кацельні №3, якая забяспечвае цяплом і гарачай вадой мікрараён 11-га гарадка, маральна і фізічна састарэла. Будаўніцтва новай кацельні пачалі ў лістападзе 2019 года, плануецца, што яе ўвядуць у эксплуатацыю да канца гэтага года, яна будзе забяспечваць цяплом і гарачай вадой жылыя дамы, аб’екты сацыяльнай сферы. Адметнасць новай кацельні – у адрозненне ад «папярэдніцы», якая функцыянуе на прыродным газе, яна будзе працаваць на фрэзерным торфе. Як лічаць спецыялісты, гэта забяспечыць эканомію сродкаў. У раёне ўжо ёсць падобны аб’ект – кацельня ў аграгарадку Вежы, аднак новая цеплакрыніца ў Слуцку куды болей магутная – 14 МВт, мае больш высокую ступень экалагічнасці. Для забеспячэння гэтай мэты на кацельні ў тым ліку будуць выкарыстоўваць адмысловыя рукаўныя фільтры для ачысткі дымавых газаў ад забруджваючых часцінак.

На кацельні ў вёсцы Маяк (школа) падчас рамонтных работ замянілі дымавую трубу. На гэтых работах быў задзейнічаны слесар-рамонтнік кацельні Ю.У. Гецікаў.
Дарэчы, на Случчыне на мясцовых відах паліва працуюць 39 кацельняў. Працягваецца нарыхтоўка дроў для іх, у тым ліку сіламі камунальшчыкаў, на ацяпляльны перыяд плануецца нарыхтаваць 20 тысяч м3 дроў.

Юрый Віктаравіч таксама расказаў, што ў Слуцку, Вежах і Грэску сёлета правялі замену 4 300 метраў старых цеплатрас папярэдне ізаляванымі трубамі. Мой суразмоўца падкрэсліў, што ў кацельнай вытворчасці Слуцкага ЖКХ працуюць кампетэнтныя спецыялісты, якія знаходзяць аптымальныя рашэнні па рэканструкцыі, мадэрнізацыі, рамонце кацельнага абсталявання, арганізацыйнага характару. У ліку іх – начальнік участка па рамонце кацельнага абсталявання Генадзій Іванавіч Барачэня, начальнік участка кацельняў раёна Ігар Барысавіч Ралько, начальнік участка цеплавых сетак Алег Іванавіч Купрэйчык, начальнік цэха аўтатранспарту Валянцін Іванавіч Крывадубскі, начальнік аварыйна-дыспетчарскай службы Мікалай Іосіфавіч Шпілеўскі і іншыя.
Добра спраўляюцца з пастаўленымі задачамі работнікі ўсіх падраздзяленняў кацельнай вытворчасці ЖКГ.
Наталля СЕЛЯЗНЁВА.