Кожны дзень наведвальнікаў дзіцячага аздараўленчага лагера «Усмешка» Слуцкага Цэнтра дзіцячай творчасці напоўнены цікавымі падзеямі, творчасцю, гульнямі, спартыўнымі спаборніцтвамі, рэальнымі і віртуальнымі падарожжамі.
Ну хто ж не марыць пакарыць касмічныя прасторы, адкрыць новыя планеты, сустрэцца з іншапланецянамі? 100 юных случчан, якія наведваюць лагер дзённага знаходжання «Усмешка», што працуе на базе Слуцкага Цэнтра дзіцячай творчасці, з дапамогай супрацоўнікаў установы, шматлікіх конкурсаў, мерапрыемстваў і фантазіі штодня трапляюць у фантастычны «касмічны» свет, не забываючы, канечне, і пра справы зямныя.
Загадчыца аддзела ЦДТ па асноўнай дзейнасці Кацярына Новікава і медатыст установы Вольга Шайко расказалі, што тэматыка «Касмічная Адысея» для лагера ў гэтым годзе выбрана невыпадкова: 60 гадоў першаму палёту чалавека ў космас, і ўвогуле тэма космасу цікавая для дзяцей. Змена доўжыцца з 23 чэрвеня па 13 ліпеня. З улікам пандэміі арганізаваны 7 атрадаў, «касмічных», канечне. Большасць дзетак (узрост 7 – 14 гадоў) у лагеры – навучэнцы творчых аб’яднанняў па інтарэсах установы. У СШ №6 арганізавана трохразовае харчаванне наведвальнікаў «Усмешкі». Дзеці знаходзяцца ў лагеры з 8.30 да 15.30, да 17 гадзін працуе дзяжурная група выхавальнікаў.
Трэба аддаць належнае дырэктару Слуцкага ЦДТ Вользе Ярашэвіч, супрацоўнікам установы, якія з душой, з любоўю, крэатыўна падыходзяць да сваёй работы з дзецьмі, у тым ліку падчас дзейнасці лагера. Дарэчы, хачу нагадаць, што ў 2018 і 2020 годзе лагер «Усмешка» ЦДТ прызнаны лепшым сярод аналагічных дзіцячых лагераў у рэспубліцы. Як расказалі спецыялісты ўстановы, праграма ў лагеры «Усмешка» рознапланавая, разлічаная на актыўны адпачынак і аздараўленне дзяцей, развіццё кругагляду юных случчан, іх творчых здольнасцей, патрыятычнае выхаванне. Многія мерапрыемствы арганізаваны ў рамках рэспубліканскай акцыі «Выбор лета. ЗдОрово! ЗорОво! Полезно! Дружно!». Колькі цікавых квэстаў, флэшмобаў ужо прайшло, у тым ліку анлайн-квэст «На прасторах Галактыкі» (атрады здымалі фота і відэаролікі з незвычайнага ракурсу). У лагеры адбыўся паказ «касмічных» касцюмаў, зробленых с падручных матэрыялаў «Космамода-2021», спартыўныя старты «Астра-порт «Рэкорды», конкурс вырабаў «Купальская кветка», «Эстафета дабрыні» і многія іншыя мерапрыемствы, у тым ліку прасвечаныя Дню Незалежнасці нашай краіны. Юныя «астранаўны» з лагера «Усмешка» пабывалі на экскурсіі ў Цэнтральным Батанічным Садзе ў Мінску.
А колькі яшчэ незабыўных экскурсій, сустрэч, квэстаў чакае рабят! Сваімі ўражаннямі пра лагер падзяліліся некаторыя з юных гараджан.
Леў ПАЎЛАВЕЦ, 10 гадоў:
– Мне падабаецца адпачываць у лагеры «Усмешка» – цікава, шмат мерапрыемстваў, у мяне з’явіліся новыя сябры. Я займаюся ў Слуцкім цэнтры дзіцячай творчасці ў аб’яднанні па інтарэсах «Паслухмяныя пальчыкі» пад кіраўніцтвам Ліліі Валер’еўны Курловіч. Вось падрыхтаваў пано на конкурс «Вясёлка над Віцебскам», які будзе праходзіць падчас «Славянскага базару».
Ганна ГАНЧАРЭВІЧ, 12 гадоў:
– У лагеры «Усмешка» весела, мне тут падабаецца ўсё, нават зарадку рабіць. Кожны дзень не падобны на папярэдні, столькі рознага адбываецца. Асабліва запомніліся паездка ў Цэнтральны Батанічны Сад і конкурс «Космамода».

Вікторыя БОГЛЯ, 11 гадоў:
– Лагер «Усмешка» – самы лепшы, знаходжуся тут з задавальненнем. Столькі новага даведалася, асвоіла новыя гульні. Малюем, лепім, удзельнічаем у спартыўных і творчых конкурсах, глядзім кіно, чытаем, спяваем…Класна!
Наталля СЕЛЯЗНЁВА.
Фото Слуцкого Центра детского творчества.