Старшыня Слуцкага раённага Савета дэпутатаў Наталля Аляксандраўна Аўсяннікава праводзіць сустрэчы з жыхарамі сельскіх населеных пунктаў раёна: цікавіцца іх жыццём, праблемамі, якія дапамагае вырашаць.
На нядаўняй сустрэчы з жыхарамі вёскі Лапацічы гаварылі пра сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна, абмяркоўвалі і свята вёскі, і ўборку збожжа з прысядзібных участкаў. Вяскоўцы адзначалі, што ў Беларусі многае робіцца для паляпшэння жыцця, дабрабыту грамадзян. А для далейшага росквіту краіны неабходна працаваць, бо толькі сумеснымі намаганнямі можна дасягнуць лепшых вынікаў.
Агучылі старшыні раённага Савета дэпутатаў і свае праблемы. Так, жыхары Лапаціч гаварылі, што раней па аўторках да іх прыязджала аўталаўка Слуцкага рынка, а цяпер – не ездзіць. Прасілі садзейнічання ў вырашэнні пытання. Непакоіць іх і транспартнае забеспячэнне. Дарэчы, работу грамадскага транспарту абмяркоўвалі і падчас папярэдняй сустрэчы з жыхарамі вёскі Паўлаўка.
Раней жыхары вёскі Падліпцы звярталіся да Наталлі Аляксандраўны Аўсяннікавай, каб абмежавалі хуткасны рэжым на вуліцы Зялёнай у вёсцы. Аддзел Дзяржаўтаінспекцыі аддзела ўнутраных спраў райвыканкама даў прадпісанне ДРБУ-125 на ўстаноўку дарожных знакаў па абмежаванні на дадзенай вуліцы максімальнай хуткасці да 40 кіламетраў у гадзіну. Праблема вырашана – дарожныя знакі ўстаноўлены. Вось толькі застаецца спадзявацца на сумленнасць аўтамабілістаў, каб выконвалі правілы дарожнага руху. Жыхарка вёскі Чапліцы звярталася па дапамогу ў афармленні зямельнага ўчастка. Звяртаюцца і па іншых пытаннях, на жаль, не ўсё адразу магчыма вырашыць.
Дыялог з вяскоўцамі заўсёды карысны, бо галоўная мэта такіх сустрэч – зрабіць жыццё насельніцтва яшчэ больш камфортным і бяспечным.
Ірына КАВАЛЕНКА.