На свете нет богаче и щедрей, 
Чем эти люди, вечно молодые.
Мы помним всех своих учителей,
Хотя и сами уж почти седые.

Золатам кляновага лісця радуе нас прыгажуня-восень. Усе колеры збірае гэта чараўніца ў свой букет. Хочацца сабраць самыя яркія кветкі, дадаць галінку рабіны, рознакаляровае лісце і шмат самых добрых слоў.
Паважаныя ветэраны педагагічнай працы, уся прыгажосць восені – гэта падарунак ад вашых вучняў. Вы – людзі самай светлай і  пачэснай прафесіі, якія аддалі свае сэрцы дзецям, заслугоўваеце толькі шчырыя словы ўдзячнасці і найлепшыя пажаданні на доўгія гады.
У кожнага з нас назаўсёды застаюцца ў памяці словы першага настаўніка. Колькі маленькіх сэрцаў вы сагрэлі цяплом сваёй душы, адчынялі дзверы ў свет ведаў. Вы навучылі не толькі пісаць і чытаць сваіх выхаванцаў,  але і цаніць дружбу, спачуваць і дапамагаць таму, хто ў бядзе. Гэта вы, паважаныя Тамара Іванаўна Філіпеня і Ала Уладзіміраўна Макоўская, былі сапраўднымі мамамі для сваіх маленькіх вучняў. Дзякуй вам за цярпенне і клопат, любоў і ўменне пачуць кожнага.
Навучыць прыгожа размаўляць, пісаць па правілах арфаграфіі і пунктуацыі, захапляцца прыгажосцю роднай мовы – гэта ваша заслуга, нашы дарагія філолагі. Дзякуй вам, Ніна Андрэеўна Міхалевіч, Ірына Аляксандраўна Заўялава, Ірына Анатольеўна Саладуха. Незлічонае мноства выпускнікоў ніколі не забудзе змястоўныя і цікавыя ўрокі, гутаркі, літаратурныя вечарыны, праведзеныя разам з вамі. 
Уладзімір Уладзіміравіч Шэлег, Валянціна Якаўлеўна Шыловіч, Валянціна Лукінічна Снытко – гэта людзі, пра якіх кажуць: «Вось у каго залатыя рукі». Працоўнае навучанне – урок, які можа адчыніць дзверы ў любімую прафесію. Майстры разьбы па дрэве, швачкі, павары, кандытары. Магчыма, яшчэ ў пятым ці шостым класе пачаўся шлях у будучае. Дзякуючы вам, паважаныя педагогі, многія выпускнікі знайшлі сабе справу па душы.
Гісторыя роднага краю… Што можа быць цікавей. Па краінах і кантынентах, ад старажытнасці да сучаснасці правялі сваіх вучняў Вы, паважаная Ларыса Мікалаеўна Карповіч.
Бібліятэкар школы – Раіса Леанідаўна Чэчат. Да яе на кожным перапынку спяшаліся вучні не толькі за патрэбнай кнігай,  але і падзяліцца цікавымі навінамі ці атрымаць карысную параду. 
Калі чуеш чароўны голас Любові Фёдараўны Сак, то нават матэматыка ўжо і не такая складаная навука, як здаецца на першы погляд. А ўсё вельмі проста: Любоў Фёдараўна  ўмела цікава і змястоўна данесці да кожнага рашэнне ўраўненняў і задач. Яе ўрокі праходзілі на адным дыханні. «Імкненне да новага і карыснага для вучняў» – такі дэвіз настаўніцы, якая шмат гадоў была на пасадзе завуча па вучэбнай рабоце. Дзякуй Вам, Любоў Фёдараўна, за метадычную дапамогу і падтрымку. 
Георгій Сцяпанавіч Раманюк і Ганна Міхайлаўна Жогла – капітаны нашага вялікага школьнага карабля. Іх педагагічны вопыт, уменне знаходзіць агульную мову з вучнямі і бацькамі,  педагагічным калектывам школы – гэта толькі маленькая кропелька з вялікага акіяна працы гэтых людзей. Ваша чуласць і неабыякавасць да сваёй справы спрыялі зладжанай рабоце ўсяго калектыву.
Паважаныя ветэраны педагагічнай працы! Ад усёй нашай вялікай школьнай сям’і прыміце самыя найлепшыя пажаданні са святам. Хай толькі спакоем, дабром і любоўю поўніцца душа. Здароўя вам, павагі ад знаёмых, самых светлых і шчырых слоў ад родных і блізкіх людзей. Мы вас помнім, любім, цэнім і верым, што будучыня падорыць шмат радасных і шчаслівых дзён.
Са святам!
Зоя Канстанцінаўна АЛЕШКА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры, 
член прафкама.

Похожие записи