Для беларусаў чысціня на вуліцы – гэта своеасаблівы брэнд. Госці нашай краіны заўсёды гэта заўважаюць і адзначаюць. Як выглядае наша малая радзіма, па вялікім рахунку, залежыць ад нас з вамі. Шмат зроблена за апошнія гады ў горадзе і вёсках раёна. Захаваць усё створанае, прымножыць – задача для кожнага з нас. Але для яе выканання неабходна штодзённая работа.
Традыцыйна з надыходам цёплых дзён жыхары гарадоў і вёсак бяруцца за рыдлёўкі і граблі, каб навесці парадак. Згадзіцеся, непрыемна глядзець, як побач з квітнеючымі садамі – стыхійныя сметнікі, зарослыя пустазеллем агароды, «ляжаць» агароджы… Гэтага можа не быць, калі мы, перш за ўсё, не будзем смеціць і будзем клапаціцца пра той населены пункт, дзе жывём. Няўжо цяжка данесці да кантэйнернай пляцоўкі смецце? Як на маю думку, дык везці яго кудысьці – цяжэй. З кожнай вёскі работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі вывозяць цвёрдыя бытавыя адходы. Дык навошта вывозіць смецце на кантэйнерную пляцоўку каля могілак, на пустуючы ўчастак, ускраек леса ці яшчэ куды…  
Перш чым смеціць, падумайце, які прыклад вы падаеце падрастаючаму пакаленню.  Лепш за ўсё – разам з дзецьмі прыбярыце на вуліцы. Не толькі каля свайго домаўладання. Дапамажыце нямоглай суседцы, станьце прыкладам для гора-гаспадароў. І не абавязкова чакаць суботнік. 
Зараз у Слуцкім раёне праходзіць месячнік па навядзенні парадку, добраўпарадкаванні і азеляненні. Далучайцеся да навядзення чысціні. Толькі агульнымі намаганнямі мы зробім нашу Случчыну яшчэ больш прыгожай. 
Вераніка Міхайлава.

Похожие записи