Працоўная біяграфія начальніка змены прыёмна-апаратнага  і масларобнага  цэха Святланы Гурыновіч звязана толькі са Слуцкім сыраробным камбінатам – тут яна працуе больш за 30 гадоў.
–Відаць, ад таты перадалася прыхільнасць да гэтай справы, – усміхаецца Святлана Анатольеўна. – Ён працаваў на Слуцкай масласырбазе. У дзяцінстве мне не раз даводзілася там бываць. Тата па-сапраўднаму быў захоплены сваёй работай, гэта натхняла і мяне. Таму пасля заканчэння школы  я адправілася вучыцца ў ГПТВ-97 (цяпер Слуцкі дзяржаўны каледж), на Слуцкі сыраробны камбінат працаўладкавалася па накіраванні ў 1988 годзе.
Першая пасада дзяўчыны з вёскі Варкавічы Святланы Гурыновіч называлася «лабарант хімбаклабараторыі 3-га разраду». Мая гераіня асвоіла і працавала і па іншых спецыяльнасцях, напрыклад,  рабіла апаратчыкам па вырабу сумесяў у цэху марожанага, а таксама  масларобам, больш за 10 гадоў –  майстрам змены прыёмна-апаратнага і масларобнага цэха, начальнікам змены гэтага падраздзяленння прадпрыемства яе прызначылі некалькі гадоў таму.
– Пачатак вытворчага працэсу заўсёды важны складальнік канчатковага выніку, – адзначае  Святлана Анатольеўна. – Прыёмка сыравіны, вызначэнне сортнасці малака, яго цэнтрыфугаванне, аддзяленне вяршкоў, выраб сметанковага масла і іншыя вытворчыя этапы забяспечваюць работнікі нашага цэха. Пад маім началам на змене працуюць 15 чалавек.
Святлана Гурыновіч расказала, што ў сярэднім за суткі на гэтым участку камбіната прымаюць і перапрацоўваюць каля 650 тон малака. Працэс перапрацоўкі забяспечваецца ў аўтаматычным рэжыме.  Але чалавечы фактар, вядома, па-ранейшаму самы важкі, гаворыць мая субяседніца. Неабходны пастаянны кантроль за тэхналагічнымі, тэхнічнымі параметрамі, за работай абсталявання. Канечне, поспех вызначаюць людзі.
– За мінулыя два – тры  дзесяцігоддзі камбінат кардынальна змяніўся, і працэс далейшай мадэрнізацыі працягваецца. Відавочна, у цяперашніх умовах для работы патрэбны не толькі фізічныя сілы, але і адпаведныя веды, навыкі, нават для простага рабочага, – разважае  мая субяседніца. – І, канечне, адказнасць, надзейнасць. Цудоўна, што на камбінаце працуе шмат такой моладзі. Выдатна і тое, што новымі тэхналогіямі паспяхова авалодваюць і работнікі больш сталага ўзросту. 
З натхненнем Святлана Анатольеўна  расказвае пра калег, з якімі працавала раней, у іх ліку начальнік цэха марожанага Марыя Паляшчук,  цяпер яна на заслужаным адпачынку. Шмат гадоў поплеч у працоўным страі са Святланай Гурыновіч  Таццяна Пацыкалік, якая ўзначальвае прыёмна-апаратны і масларобны цэх. Мая суразмоўца адзначае, што калектыў камбіната радуе згуртаванасцю, нацэлены на высокі вынік. Не апошняе месца ў гэтым займае матэрыяльны стымул – годная заработная плата.
Пра Святлану Гурыновіч калегі гавораць: адказная, старанная, кампетэнтная, нераўнадушная, са сваім меркаваннем. За добрасумленную работу яна ўзнагароджана граматамі рознага ўзроўню, у тым ліку Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь, Мінаблвыканкама. Яе фотаздымак быў размешчаны на Дошцы гонару прадпрыемства.
– Камбінат – частка майго жыцця, – адзначае  Святлана Анатольеўна. – Тут і муж мой працуе, сябры, столькі падзей звязана з прадпрыемствам. Гонар рабіць на такім магутным камбінаце не толькі Случчыны, але і  краіны, з багатай гісторыяй, традыцыямі, быць удзельніцай вытворчасці самай смачнай, карыснай, натуральнай прадукцыі. Менавіта такія вырабы Слуцкага сыраробнага камбіната!
Наталля СЕЛЯЗНЁВА.

Похожие записи