Ці варта рабіць прышчэпку ад СОVID-19? Расказваюць тыя, хто яе ўжо зрабіў:
Вольга ЖАРНАВАЯ, намеснік дырэктара Слуцкай раённай цэнтральнай бібліятэкі:
– Пасля прышчэпкі падымалася тэмпература, але і толькі. Адчувала сябе добра. Лічу, што я павінна засцерагчы ад хваробы сябе і іншых, што так павінен зрабіць кожны. Тым больш, што дзяржава клапоціцца пра нас, кожны можа атрымаць прышчэпку на бясплатнай аснове. Дык чаму б і не. Пандэмію можна спыніць цяпер.
Алена НАГОРНАЯ, загадчыца дзіцячага сада №11:
– Сярод тых, з кім я сябрую, нямала ўрачоў, якія зрабілі прышчэпку і раілі мне. Рабіць ці не рабіць? Для сябе я ўзважыла і зразумела, што зрабіўшы прышчэпку, я: засцерагу ад хваробы сябе – раз, сваю сям’ю – два, свой калектыў, у тым ліку і выхаванцаў сада, – тры. Пабочных рэакцый не было. Перанесла лёгка. Рэкамендую вакцыніравацца ўсім, у тым ліку і сваім калегам. Прышчапілася ўся мая сям’я, такім чынам, лічу, мы ўнеслі невялікі ўклад у справу барацьбы з пандэміяй.
Юрый БАНДАРЭНКА, дырэктар ДУП «Жыллёвае рамонтна-эксплуатацыйнае прадпрыемства №3»:
– Правакцыяніравалася ўся сям’я, у тым ліку і мой 72-гадовы бацька. Вакцыну выбралі расійскай вытворчасці «Спутнік V». Усе перанеслі добра. Таму настойліва рэкамендую іншым: засцеражыце сябе і тых, хто побач! Дарэчы, прышчапіліся каля паловы работнікаў нашага прадпрыемства. Як кіраўнік, я лічу важным працягваць агітацыйную работу ў гэтым накірунку. Важна стварыць калектыўны імунітэт.
Вольга БРУЙ, намеснік генеральнага дырэктара Слуцкага мясакамбіната
па ідэалагічнай рабоце:
– Сярод родных шмат урачоў, якія пераканаўча расказвалі, што атрымаць прышчэпку варта. І я зрабіла. І, сапраўды, перанесла вельмі добра. Ды як не зрабіць, калі ёсць сям’я, пажылыя бацькі, а яшчэ – я працую на прадпрыемстве, дзе столькі людзей! Я лічу, што кожны, хто зрабіў прышчэпку, праявіў клопат і пра сабе, і пра здароўе іншых. Вакцынацыя – справа дабраахвотная. Але важна, каб людзі зразумелі яе неабходнасць. Па ініцыятыве кіраўніцтва прадпрыемства растлумачальныя гутаркі з работнікамі праводзяць спецыялісты цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, у маі і чэрвені была арганізавана выязная вакцынацыя на камбінаце. Праца ў гэтым кірунку працягваецца.
Наталля МАКСІМОВІЧ, спецыяліст па кадрах Слуцкага мясакамбіната:
– Пасля прышчэпкі адчувала сябе звычайна. Прывілася «Спутнікам V». Чаму рашылася? Думаю аб уласным здароўі. Здароўі іншых. Сярод знаёмых перахварэлі многія пажылыя людзі. Захворванне сур’ёзнае і трэба як мага хутчэй яго перамагчы. Давайце зробім гэта разам.

Алена ЛАНДЗЮК, фармоўшчык каўбасных вырабаў
Слуцкага мясакамбіната:
– Прышчэпку пакуль не зрабіла, бо не так даўно хварэла каронавірусам. У бліжэйшы час збіраюся. Лічу, гэта вельмі важна: падумаць аб уласным здароўі і здароўі тых, хто побач.
Наталля ГРАМЫКА.