Ужо амаль праз тыдзень ў адкрытым акцыянерным таварыстве «Слуцкі цукроварафінадны камбінат» прыступяць да перапрацоўкі цукровых буракоў новага ўраджаю. Пакуль на прадпрыемстве працягваюць падрыхтоўчую працу: праводзяць рамонт і наладку абсталявання, некаторыя мантажныя і іншыя работы. 

Аб новым перапрацоўчым сезоне, чакаемых аб’ёмах перапрацоўкі салодкага караняплода і вытворчасці цукру расказаў старшыня наглядальнага савета ААТ «Слуцкі цукроварафінадны камбінат» Осіп Іосіфавіч ДАПІРА:

– Перапрацоўку цукровых буракоў на камбінаце, як і ў папярэднія гады, пачнём першага верасня. Сёлета ў нашай сыравіннай зоне адчувальна павялічаны пасяўныя плошчы пад цукровымі буракамі – амаль на дзве тысячы гектараў, у асноўным у гаспадарках Магілёўскай вобласці. У цэлым яны складаюць больш за 32 тысячы гектараў – сыравінай камбінат забяспечваюць 120 сельскагаспадарчых арганізацый з розных абласцей, у тым ліку 16 фермерскіх. Віды на ўраджай добрыя, ва ўсякім разе плануем перапрацаваць сыравіны не менш, чым у мінулым сезоне – звыш 1 300 тысяч тон цукровых буракоў і вырабіць цукру звыш 200 тысяч тон. Гэта рэкордныя для прадпрыемства лічбы за апошнія некалькі гадоў.


Як і раней, у ліку асноўных задач слуцкіх цукравараў – далейшае развіццё, павышэнне прадукцыйнасці. У мінулым сезоне на камбінаце забяспечана магутнасць перапрацоўкі сыравіны за суткі 10 700 тон. Сёлета плануем дасягнуць паказчыка  сутачнай перапрацоўкі цукровых буракоў – 11 тысяч тон. Відавочна, працягваем работы па далейшай мадэрнізацыі вытворчасці, у тым ліку на тэрыторыі камбіната вядзецца будаўніцтва другой ёмістасці для захоўвання цукровага сіропу. Асноўныя работы выконвае Салігорскае мантажнае ўпраўленне ААТ «Прамтэхмантаж».

Эксплуатацыя дзвюх ёмістасцей забяспечыць захоўванне каля 46 тысяч тон цукру да красавіка – мая наступнага года. Гэта не толькі часткова зніжае затраты па захоўванні прадукцыі, але і павялічвае перыяд занятасці работнікаў камбіната, якія будуць займацца перапрацоўкай цукровага сіропу. Хачу нагадаць, што Слуцкі цукроварафінадны камбінат вырабляе толькі бурачны цукар, перапрацоўкай цукру-сырцу, пачынаючы з папярэдняга перапрацоўчага сезона, мы не займаемся.

На жаль, у гэтым годзе  былі вымушаны істотна скараціць інвестыцыі ў мадэрнізацыю вытворчасці, на камбінаце прымаюцца і іншыя меры па зніжэнні затрат. Такую неабходнасць абумовіла рэзкае зніжэнне цэн на цукар на рынку ЕўрАзЭС, на сусветным рынку, павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці цукру ў тым ліку ў Расійскай Федэрацыі. У мінулым годзе расіяне вырабілі каля 6,6 мільёна тон свайго цукру пры патрэбе каля 5,5 мільёна тон.
Расійскі цукар больш танны па прычыне нізкага кошту прыроднага газу і сыравіны. Як вынік, знізіліся даходы беларускіх экспарцёраў цукру. Нагадаю, што 61 працэнт слуцкага цукру адпраўляецца на экспарт. Першае паўгоддзе, на жаль, камбінат завяршыў са стратамі.

Аднак прымаюцца меры па змяненні сітуацыі як на камбінаце, так і на вышэйшым узроўні. Шэраг мер па зніжэнні затрат вытворчасці цукру прыняты ўрадам Беларусі, у тым ліку з першага верасня гэтага года да першага студзеня наступнага для цукровых прадпрыемстваў краіны на дзесяць працэнтаў зніжаны цэны на газ, на пятнаццаць – на цукровыя буракі. Слуцкі цукар адгружаем не толькі ў Расійскую Федэрацыю, а таксама ў Казахстан, Таджыкістан, Украіну, Узбекістан, Абхазію, Грузію, Арменію, іншыя краіны.

Наталля СЕЛЯЗНЁВА.

Похожие записи