Ужо ў пачатку наступнага тыдня для ўсіх вучняў краіны празвініць школьны званок. Для адных – гэта новая, важная прыступка ў жыцці, для іншых –  апошні год дзяцінства ці яшчэ адзін год для спасціжэння новых навук, правілаў, законаў.

Хутка, вельмі хутка, вераснёўская раніца будзе афарбавана белымі банцікамі дзяўчынак-школьніц, вясёлым хлапечым гоманам. Радасныя твары будучых выпускнікоў, крыху разгубленыя, спалоханыя – першаклашак. І настаўнік, які, нягледзячы на шматгадовы вопыт, кожны раз з хваляваннем уваходзіць у класс…

1 верасня школы Случчыны адкрыюць свае дзверы для 9 626 навучэнцаў
(па папярэдніх дадзеных). З іх – 555 адзінаццацікласнікаў, 840 дзевяцікласнікаў, 939 першакласнікаў. У дашкольныя навучальныя ўстановы ўжо залічаны 104 дзіцяці.

Першакласнікі Мілана Андрушкевіч і Уладзіслаў Вайдо будуць  вучыцца ў адным класе гімназіі №1.

Мілане 6 гадоў, яна з нецярпеннем чакае 1 верасня, бо ў школе столькі ўсяго цікавага! Па словах дзяўчынкі, яе любімым урокам стане англійская мова, бо ў будучыні яна хоча шмат падарожнічаць. А яшчэ яна марыць стаць ветэрынарам, каб  лячыць жывёл, якіх так любіць.

Не менш сур’ёзна рыхтаваўся да школы і шасцігадовы Уладзіслаў, ён ведае ўсе літары, умее чытаць, пісаць і нават лічыць да 100! Уладзіслаў вельмі любіць ляпіць з пластыліну і палімернай гліны. Магчыма, будучы  скульптар або архітэктар.

А вось у чым першакласнікі зусім дакладна ўпэўнены ўжо зараз, што будуць імкнуцца вучыцца толькі на 10 балаў!

Ірына МАЛЯЎКА.

Похожие записи