У вучняў сярэдняй школы №5 цяпер ёсць свая спартыўная зала, у якую яны з задавальненнем прыхозяць на ўрокі фізкультуры, а таксама ў вольны час.
Былы будынак шахматна-шашачнай школы перадалі СШ №5, і ён толькі звонку мае пакуль ранейшы выгляд. Унутры ж гэта ўжо зусім іншая песня.
Дырэктар школы Іван Іванавіч Русакевіч расказаў, што ў будынку памянялі вокны, сістэму ацяплення, адрамантавалі памяшканні: пафарбавалі, паднавілі, пакрыццё спецыяльнае на падлогу ў зале палажылі. Даўладкоўваюцца санвузлы, раздзявалкі. Плануецца абсталяваць кабінет для настаўнікаў фізічнай культуры.
У самай вялікай зале ўжо праходзяць урокі фізкультуры. Яна нестандартная па форме, але ж для творчага настаўніка гэта не перашкода, гаворыць Іван Іванавіч, тут можна вучыць азам і элементам амаль любога віда спорту.
Ён з захапленнем расказвае пра планы. Ёсць задумка па развіцці і шырокім распаўсюджванні настольнага тэнісу. Магчыма, будуць тут раённыя турніры, нейкія рэйтынгавыя спаборніцты. Дзяцей трэба заахвоціць, матываваць. Іван Іванавіч і сам любіць гэтую гульню, таму шчыра рады, што мара пра школьную спартзалу ажыццявілася і цяпер тут можна паставіць некалькі тэнісных сталоў.
Адзін з пакояў аддалі для заняткаў шахматамі. Кіраўнік гуртка Георгій Рубэнавіч Амбарцумян працуе тут і з дзецьмі (4 групы), і з шахматыстамі паважанага ўзросту. Хоць і не планавалі гэтага, гаворыць дырэктар школы, але ж калі раней пабудавалі тут усё для заняткаў шахматамі, то падтрымаць трэба гэты від і цяпер. Так што прыходзьце, дарагія случчане, і дзяцей прыводзьце.
І.І. Русакевіч сваю задачу бачыць у тым, каб даць штуршок у развіцці настольнага тэнісу і ўвогуле спорту ў школе, навучыць, даць асновы. А далей ужо дзеці і самі вызначацца, будуць шукаць магчымасці для ўдасканалення майстэрства.
У школе, дарэчы, ужо даўно функцыянуе скаладром, дзеці з задавальненнем займаюцца з педагогамі дадатковай адукацыі Слуцкага цэнтра турызму.І ўвогуле, калі ўлічваць, што СШ №5 размяшчаецца побач са СДЮШАР, чаму б не падумаць пра спартыўныя класы, разважае Іван Іванавіч.
Ну а спартзала была вельмі патрэбная: і рыхтавацца да нейкіх выступленняў, конкурсаў цяпер можна тут, і дыскатэкі ладзіць плануецца. Ну і выхадныя можна з карысцю праводзіць у школьнай спартыўнай зале. Цудоўна.
Іван Іванавіч Русакевіч удзячны старшыні райвыканкама Андрэю Уладзіслававічу Янчэўскаму і начальніку ўпраўлення па адукацыі райвыканкама Андрэю Васільевічу Нядзельку за разуменне і падтрымку ў вырашэнні такога важнага для школы пытання як уладкаванне спартыўнай залы. Таксама падзяка шэфам – КУП «Універмаг «Слуцк», якія дапамаглі ў «тэхнічным» аснашчэнні – падарылі тэлевізар. Новая спартзала СШ №5, упэўнена, з раніцы да вечара будзе звінець дзіцячымі галасамі. А з часам, магчыма, тут з’явяцца і свае спартыўныя зоркі.
Ірына ВЕЧАР.