«Слуцкі край» працягвае публікаваць успаміны, гістарычныя звесткі пра падзеі часоў Вялікай Айчыннай вайны, пра людзей, якія змагаліся з ворагам, здабывалі Перамогу. Мы, іх нашчадкі, павінны ведаць і помніць сваё. І вось яшчэ адна з такіх гісторый.

Пётр Мікалаевіч Машкоў, у гады Вялікай Айчыннай вайны дайшоў да Берліна.

У рэдакцыю нашай газеты матэрыялы пра свайго бацьку прынесла жыхарка Слуцка Ірына Пятроўна Гута. Моладзь, унукі і праўнукі павінны захоўваць памяць пра салдат Перамогі, кожны з іх унёс свой уклад у агульную справу, гаворыць Ірына Пятроўна. Адзін з іх – яе тата Пётр Мікалаевіч Машкоў, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. У нашым горадзе пражыў каля 40 гадоў, служыў ва Узброеных Сілах, працаваў у калгасе. Інфармацыя пра яго занесена ў кнігу «Памяць. Слуцкі раён». Пра вайну Пётр Мікалаевіч не любіў успамінаць, узнагародамі не хваліўся. Ірына Пятроўна і яе сястра зацікавіліся, як іх тата, сібірак, аказаўся ў Слуцку. Адказы атрымаць дапамаглі матэрыялы з Цэнтральнага архіва, куды яны звярнуліся.

Пётр Мікалаевіч нарадзіўся ў Навасібірскай вобласці ў вёсцы Ільінаўка Татарскага раёна ў 1925 годзе ў сялянскай сям’і. Скончыў 7 класаў, што на той час было даволі добрай адукацыяй, і курсы ветфельчараў. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, яму было 16, працаваў у калгасе па спецыяльнасці. А ў 1943 годзе ў няпоўныя васямнаццаць Пятра прызвалі ў армію, ён стаў курсантам 22-га аўтамабільнага палка. За паўгода прайшоў навучанне і з 1944 года служыў у дзеючай арміі. Быў вадзіцелем 6-га асобнага аўтамабільнага палка Маскоўскай ваеннай акругі, 394-га гвардзейскага цяжкага самаходна-артылерыйскага палка Беларускай ваеннай акругі, у складзе якога дайшоў да Берліна і сустрэў Перамогу. Пасля вайны яшчэ некаторы час служыў у Германіі. Пётр Мікалаевіч быў узнагароджаны медалямі «За баявыя заслугі», «За вызваленне Варшавы», «За ўзяцце Берліна» і іншымі.

Большую частку свайго ваеннага жыцця Пётр Мікалаевіч Машкоў праслужыў у 93-м гвардзейскім цяжкім танка-самаходным палку 29-й танкавай дывізіі. І менавіта ў складзе гэтага ваеннага падраздзялення трапіў у канцы 1940-х у Слуцк, паслужыў і ва Урэччы. Быў Пётр Мікалаевіч камандзірам аддзялення падвозу гаруча-змазачных матэрыялаў, камандзірам узвода тэхнічнага забеспячэння батальёна аўтаматчыкаў, старшыной роты, займаў розныя пасады на ваеннай службе. У 1969 годзе, пасля 25 гадоў службы, звольнены ў запас. Медаль «За бездакорную службу» – ацэнка яго дзейнасці. Радавы Перамогі, так гаворыць пра Пятра Мікалаевіча яго дачка, прайшоў праз гарніла вайны, добрасумленна служыў, а сваіх падначаленых старшына Машкоў называў сынкамі.

Са сваёй жонкай, ураджэнкай вёскі Ячава Лідзіяй Іванаўнай Русак, Пётр Мікалаевіч пазнаёміўся пасля перадыслакацыі з Германіі. Ажаніліся, нарадзіліся іх дзеці, сын і дзве дачкі. У 1959 годзе купілі дом у Ячаве і з таго часу пражывалі на Случчыне. Лідзія Іванаўна працавала даяркай у тагачасным калгасе імя Кірава. Да 1969 года Пётр Мікалаевіч служыў ва Узброеных Сілах. А пасля звальнення ў запас яшчэ 20 гадоў працаваў у сельскай гаспадарцы, выконваў розныя работы ў калгасе. Ірына Пятроўна расказвае, што тата быў чалавекам актыўным у грамадскім жыцці, заўсёды ўдзельнічаў у правядзенні выбараў, быў членам камуністычнай партыі. На жаль, рана пайшоў з жыцця, у 1989-м.

– Мы ўспамінаем тату толькі самымі добрымі словамі, з цеплынёй і павагай, нас, дзяцей, вы-расцілі з мамай годнымі, лічу, людзьмі, – расказвае Ірына Пятроўна (25 гадоў яна працуе ў СШ №6). – Унукаў ён любіў, іх шасцёра. Яго і на рабоце паважалі: мы захоўваем татавы прывітальныя святочныя адрасы, узнагароды, дакументы. У гэтым годзе яму было б 95.

І праўнукі Пятра Мікалаевіча Машкова, а іх шэсць, абавязкова будуць ведаць пра свайго прадзядулю, дзе ваяваў, як служыў і працаваў. Таму што так павінна быць, наступныя пакаленні – захавальнікі памяці, традыцый, каштоўнасцей продкаў.

Ірына ШЧАРБОВІЧ.

Похожие записи