Механізатар Раман Уласевіч.
Гектар за гектарам павялічваюць яравы клін на Случчыне. Аграрыі раёна не губляюць ні адной хвіліны, каб своечасова, у тэрмін правесці палявыя работы. У філіяле «Падсобная сельская гаспадарка» адкрытага акцыянернага таварыства «Слуцкі мясакамбінат» да палявых работ добра падрыхтаваліся: адрамантавалі тэхніку, набылі насенне, у тым ліку элітнае, паклапаціліся пра стварэнне бяспечных умоў для работнікаў. У сельгасарганізацыі сяўбу яравых збожжавых і зернебабовых завяршылі яшчэ ў аўторак. Дарэчы, у гэты дзень і мы наведалі філіял.
Начальнік сельскагаспадарчага участка «Грэск» Аляксандр Зяневіч, механізатар Юрый Гурыновіч.
Раніцай з мехдвара вытворчага участка «Грэск» падсобнай сельскай гаспадаркі адна за адной выязджаюць сельгасмашыны.
Механізатара сельгасарганізацыі Юрыя Юрьевіча Гурыновіча спыніла невялікая паломка.
– Трактар у мяне добры, далі пяць гадоў таму. Калі што – рамантуем, гэта ж тэхніка, штодзень працуе. Вось і зараз крыху «падлячу» яго і ў поле, яно чакаць не будзе, – гаворыць Юрый Гурыновіч. – А пачынаў я працаваць на МТЗ-82. Цяпер жа ў трактары і кандыцыянер ёсць, добра…
За дзень Юрый заворвае па 25 гектараў. Старанны, працавіты. У гаспадарцы працуе ўжо дзевяць гадоў.
Начальнік сельскагаспадарчага участка «Грэск» Аляксандр Аляксеевіч Зяневіч адзначыў, што галоўнае ў рабоце – дысцыпліна. Калі на палеткі ўсе своечасова прыязджаюць, якасна выконваюць пастаўленыя задачы, то ўсё атрымліваецца. На палях за якасцю работ механізатараў сочаць агранамічная служба і начальнікі ўчасткаў.
Механізатар Аляксандр Шушкевіч.
– Асаблівасць сёлетняй пасяўной – замаразкі раніцай, перасушлівае надвор’е днём. Гэтым і ўскладняюцца работы, што з-за пылу не відаць прахода сеялкі, уважлівасць неабходна. Ды для падкормкі азімых збожжавых таксама не вельмі добры тэмпературны рэжым, – расказвае Аляксандр Аляксеевіч. – Закончылі першую падкормку азімых збожжавых, рапсу, пачалі другую падкормку збожжавых. Таксама ўносяць арганічныя ўгнаенні. Палівам мы забяспечаны, праблем не ўзнікае, з-за гэтага тэхніка не прастойвала.
У сельгасарганізацыі сеюць насеннем першай рэпрадукцыі і для сортаабнаўлення набылі эліту.
Добрыя вынікі на сяўбе ў механізатара Рамана Уласевіча. На яго рахунку гэта трэцяя пасяўная. З шасціметровым пасяўным агрэгатам штодзень засявае па 40 – 50 гектараў.
– У нас усё добра, – усміхаецца Раман. – Ужо заканчваем ячмень сеяць. Што ў нашай рабоце важна? Акуратнасць, потым жа ўсходы пакажуць нашу работу, таму абавязкова сочым, каб зерне добра закрывала. А насенне мне падвозіць Алег Уладзіміравіч Байдаў.
Работнікі сельгасарганізацыі адзначаюць: калі хочаш зарабіць – заробіш, толькі трэба папрацаваць.
На ўнясенні агранічных угнаенняў у філіяле «Падсобная сельская гаспадарка» працуе звяно механізатараў: на пагрузчыку – Яўгеній Уладзіміравіч Корзун, уносяць у глебу арганіку – Аляксандр Анатольевіч Шушкевіч і Юрый Уладзіміравіч Корзун.
– За дзень у сярэднім па 500 тон угнаенняў уносім. Адпачываць ужо няма калі, трэба працаваць, – гаворыць Аляксандр Анатольевіч Шушкевіч і садзіцца ў трактар.
Працуюць зараз у гаспадарцы да 19.00. Занятых на палявых работах забяспечваюць гарачым харчаваннем, і плоцяць работнікі толькі 20 працэнтаў ад яго кошту. Каб механізатарам і вадзіцелям у палявых умовах было зручна абедаць, набылі раскладныя сталы са стуламі. Штодзень у філіяле падводзяць вынікі працоўнага спаборніцтва на палявых работах. У гонар лідараў сельгасработ узнімаюць сцяг. Кожны з работнікаў ведае, колькі ён зарабіў за папярэдні дзень.
Падчас пагрузкі арганічных угнаенняў.
Па дадзеных упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Слуцкага райвыканкама, па стане на 8 красавіка ў сельгасарганізацыях раёна яравыя культуры пасеяны на плошчы 9 832 гектары (23% да неабходнага), з іх збожжавыя і зернебабовыя – на 8 839 гектарах (85%). Завяршылі сяўбу збожжавых у ААТ «Сорагі-Агра», «Аграфірма «Лучнікі», «Слуцкая Ніва», СГФ ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат», саўгасе «Рачкавічы», эксперыментальнай базе «Танежыцы». Шэраг гаспадарак сеюць аднагадовыя травы, а ў сельскагаспадарчым філіяле ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат» распачалі сяўбу кукурузы.
А што тычыцца грэчкі, то яе плануюць у раёне пасеяць на 150 гектарах (на 50 га больш, чым у мінулым годзе) у ААТ «Сорагі-Агра» і «Гольчыцкае».
Ірына КАВАЛЕНКА.