Раённы этап рэспубліканскага маладзёжнага конкурсу «Аўталэдзі-2018» прайшоў у Слуцку 2 чэрвеня. Тытул па выніках чатырох конкурсаў заваявала Вольга Нагорная.

На аўтадроме Слуцкай аўташколы ДТСААФ выстраіліся ў рад сем «прыгажунь», сярод іх Жужа, Цукерачка, «дама» ў капялюшыку, Мі-мі-міліцыя. Гэта аўталэдзі прадставілі свае ўбраныя аўтамабілі: Вольга Чыжык (бухгалтар ААТ «Казловічы-Агра»), Вікторыя Канапелькіна (інжынер па якасці ААТ «Слуцкі цукроварафінадны камбінат»), Ірына Раманоўская (у водпуску па доглядзе за дзіцем), Наталля Мохарт (педагог сацыяльны Слуцкага сацыяльна-педагагічнага цэнтра), Марына Гасанава (ветэрынарны ўрач ААТ «Вясейскі Пакроў»), Ганна Лабковіч (бухгалтар ААТ «Слуцкі хлебазавод»), Вольга Нагорная (участковы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх Слуцкага РАУС).
Пакуль удзельніцы конкурсу праходзілі іспыт на веданне правілаў дарожнага руху (тэсціраванне на працягу 10 хвілін), гледачы і балельшчыкі разглядвалі дзявочыя машынкі. У другім конкурсе ўдзельніцы спаборніцтва расказвалі пра сябе, прэзентавалі новыя, аўтарскія, дарожныя знакі. Слуцкія аўталэдзі  ўпэўненыя, крэатыўныя, смелыя. І яны ўмеюць руліць. Гэта даказалі падчас наступнага, самага адказнага  і складанага конкурсу: паркоўку, эстакаду, гараж і іншыя «перашкоды» трэба было прайсці за найменшы час і без памылак. Справіліся ўсе! А роўных не было Вользе Нагорнай. Дадатковыя балы прынеслі вадзіцелям-канкурсантам іх групы падтрымкі: гучныя, завадныя. Журы падлічвала балы, а  інспектар ДПС Дзмітрый Мікалаевіч Семібратаў нагадаў прысутным некаторыя правілы дарожнага руху, гаварыў пра бяспеку.
Лепшы вынік па суме балаў за  конкурсныя заданні паказала Вольга Нагорная і атрымала тытул «Аўталэдзі-2018». Другое месца – у Ганны Лабковіч, трэцяе заняла Вікторыя Канапелькіна.
Вольга Нагорная не толькі ўпэўнена кіруе аўтамабілем, яшчэ яна гуляе ў футбол і водзіць матацыкл.  Аўталэдзі ўжо не першы раз становіцца пераможцай падобнага конкурсу. Двойчы Вольга ўдзельнічала ў спаборніцтвах па хуткасным  манеўрыраванні ў Капылі і таксама перамагала. І не дзіўна: службовы аўтамабіль інспектара Нагорнай замацаваны за ёй, кожны дзень яна карыстаецца і ўласным аўто.
Усе ўдзельніцы конкурсу атрымалі дыпломы і падарункі ад арганізатараў. Марына Гасанава адзначана сертыфікатам на бясплатную падпіску на «Слуцкі край».
Поспехаў на абласным этапе конкурсу!
Ірына ВЕЧАР.
  • Арганізатары конкурсу «Аўталэдзі-2018»:
Слуцкі райкам БРСМ, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Слуцкага райвыканкама, Слуцкая ААС ДТСААФ, аддзел ДАІ Слуцкага РАУС, Слуцкае раённае аб’яднанне прафсаюзаў, Слуцкая раённая арганізацыя Беларускага саюза жанчын, Слуцкая раённая арганізацыя РГА «Белая Русь», рэдакцыя газеты «Слуцкі край».

По итогам четырех конкурсов лучшим водителем авто признана Ольга Нагорная.


Дипломом II степени награждена Анна Лабкович, диплом III степени — у Виктории Конопелькиной.

Подробнее — в “Слуцком крае”.


Похожие записи