– Шмат чаго змянілася за гэтыя гады. Горад шырыцца, будуюцца новыя дамы і аб’екты, вуліцы набываюць новае аблічча. Ды і аўтобусы ўжо з больш прасторнымі і ўтульнымі салонамі, сучасныя на выгляд, значна лепшыя ў эксплуатацыі. Дарогі роўныя, асфальтавыя – толькі працуй. Праўда, і асабістых аўтамабіляў у грамадзян стала больш, трэба быць больш пільным на дарозе.
Генадзій Іванавіч расказвае, што за гады працы быў замацаваны за рознымі гарадскімі маршрутамі. Зараз кіруе аўтобусам на маршруце №10, але найбольш, як вадзіцелю, яму падабаецца вуліца Максіма Багдановіча – досыць шырокая, якая таксама аднаўляецца і прыгажэе.
Генадзій Іванавіч – прыклад для моладзі. Да яго, вопытнага вадзіцеля, ідуць за парадай, паважаюць у калектыве за пунктуальнасць і надзейнасць.
– Дзед працаваў вадзіцелем у калгасе, бацька – вадзіцелем малакавоза. Таму з тэхнікай я пасябраваў надзейна яшчэ з юнацтва. Вось і працягнуў дынастыю вадзіцеляў. Люблю і сваю работу, аўтапарк. За столькі гадоў працы так прывык, што здаецца ногі вядуць сюды самі, – усміхаецца Генадзій Іванавіч. – Работа, як дом. Калісьці прыйшоў сюды з сябрамі і застаўся.
Работа адказная, уставаць даводзіцца рана, на кожны прыпынак трэба прыбыць у адпаведнасці з раскладам, каб не было нараканняў ад пасажыраў. А для гэтага варта пастаянна сачыць за станам машыны, своечасова падрамантаваць, калі трэба звярнуцца за больш значным рамонтам у майстэрню.
Але, кажуць, і ў такім выпадку Генадзій Іванавіч не застаецца ў баку. Робіць усё магчымае, каб яго машыну адрамантавалі хутчэй. Калі трэба, дапаможа і таварышам.
– Я шчаслівы чалавек, бо ў мяне любімая работа, дома чакаюць жонка і дачка. У вольны ад працы час люблю парыбачыць, папрацаваць на дачы. Усе гэта дапамагае адпачываць з карысцю для здароўя, зняць напружанасць, – гаворыць Генадзій Іванавіч.
Ён расказвае, што шчыра радуецца, калі іх калектыў папаўняецца маладымі кадрамі, прыходзяць на працу і замацоўваюцца адказныя хлопцы, якія жадаюць працаваць.
Адзін з такіх – Уладзіслаў Жук.
Да таго, як стаць вадзіцелем аўтобуса, больш за два гады ён адпрацаваў на МАЗе. Удзельнічаў у будаўніцтве аб’ектаў у Слуцку, Любані, Наваполацку.
– Часта даводзілася бываць у камандзіроўках, але прыемна было адчуваць, што пэўныя аб’екты будуюцца і з тваім удзелам, – гаворыць Уладзіслаў Сяргеевіч. – Аднак прыцягненне малой радзімы, усё ж дзейнічае. Вырас у Слуцку, тут сябры і знаёмыя. У родным горадзе заўсёды ўтульна. Таму вось ужо пяць гадоў, як кірую аўтобусам на гарадскім маршруце.
Падчас сустрэчы Уладзіслаў Жук расказаў таксама, што калектыў у іх дружны, а работа вадзіцем гарадскога пасажырскага транспарту дысцыплінуе, робіць чалавека больш адказным. Бо галоўнае – гэта бяспека. А яшчэ – добры настрой! Без яго ў рэйс не выязджаюць.
Наталля ГРАМЫКА.