У рамках рэспубліканскай акцыі «У славу агульнай Перамогі!», прысвечанай 75-годдзю вызвалення Беларусі і 75-годдзю Вялікай Перамогі, 7 кастрычніка на мемарыяльным комплексе ў Слуцку прайшоў мітынг-рэквіем.
 Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел намеснік старшыні Слуцкага райвыканкама Наталля Вікенцьеўна Чарнушэвіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валянціна Вітальеўна Ражанец, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Міхаіл Ціханавіч Дзюба, прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, вучні школ горада, навучэнцы Мінскага абласнога кадэцкага вучылішча.


74 гады таму савецкі народ стаў пераможцам у вялікай, суровай і самай цяжкай вайне. Вызваленне Беларусі ад нацысцкай акупацыі ў гады Вялікай Айчыннай вайны – асаблівая дата. Вызваленчая аперацыя савецкіх войскаў, якая пачалася на тэрыторыі Расіі, атрымала працяг у Смаленску, Бранску, Чарнігаве, Гомелі, Мінску… Храналогія вызвалення гарадоў і вёсак ад нямецкіх захопнікаў – гэта старонкі бяспрыкладнай мужнасці, самаахвярнасці і адданасці Радзіме савецкіх салдат і афіцэраў, дзякуючы подзвігу якіх адбылася Вялікая Перамога.
Намеснік старшыні Слуцкага раённага выканаўчага камітэта Наталля Вікенцьеўна Чарнушэвіч адзначыла, што рэспубліканская акцыя «У славу агульнай Перамогі!» стартавала ў нашай краіне ў жніўні. Мэтай праекта –  захаванне гістарычнай памяці аб ваенных дзеяннях Вялікай Айчыннай вайны і ўвекавечанне імёнаў яе ўдзельнікаў, якія змагаліся на беларускай зямлі і загінулі за яе свабоду. 


На тэрыторыі 118 раёнаў нашай краіны з месцаў воінскіх пахаванняў і гібелі мірных жыхароў будзе ўзятая зямля. Капсулы з ёй і спісы з імёнамі загінулых 9 мая 2020 года – у дзень 75-годдзя Перамогі – змесцяць у нішы крыпты Храма-помніка ў гонар Усіх Святых у Мінску. Плануецца, што ў храме-помніку адкрыецца музей, дзе захаваюць гістарычную памяць пра кожнага з тых, хто загінуў.
На тэрыторыі Слуцкага раёна – 192 помнікі і воінскія пахаванні, звязаныя з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны, у тым ліку больш за 70 брацкіх магіл, у якіх пахаваны больш за 1 000 воінаў Чырвонай Арміі, партызанаў, якія загінулі пры абароне і вызваленні Случчыны.
У рамках акцыі, старт якой дадзены на мемарыяльным комплексе Слуцка, будзе ўзятая зямля з кожнага вайсковага пахавання і помніка вайсковай славы. Вынік акцыі будзе падведзены 11 красавіка 2020 года на мітынгу каля памятнага знака вязням лагера савецкіх ваеннапалонных і мірных грамадзян, прымеркаваным да Міжнароднага дня вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў.
Удзел у акцыі «У славу агульнай Перамогі!» пацвярджае нашу ўдзячнасць тым, хто ваяваў, хто цаной уласнага жыцця абараняў родную зямлю і падарыў нам мірнае неба.
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валянціна Вітальеўна Ражанец адзначыла каштоўнасць здабытай для нас перамогі,  нагадала аб святым абавязку  памятаць  пра гістарычнае мінулае і ўшаноўваць памяць пра герояў, якія аддалі жыццё ў імя нашай мірнай будучыні.
Удзячныя жыхары раёна ніколі не забудуць подзвіг савецкіх воінаў, партызан і падпольшчыкаў дзеля жыцця на зямлі. Сведчанне таму – помнікі і абеліскі, устаноўленыя на Случчыне ў памяць пра іх.
Мемарыяльны комплекс горада Слуцка быў узведзены ў 1975 годзе. На мармуровыя пліты занесены прозвішчы 368 воінаў і партызанаў, якія прымалі ўдзел у вызваленні Случчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.


Намеснік старшыні Слуцкага райвыканкама Наталля Вікенцьеўна Чарнушэвіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валянціна Вітальеўна Ражанец,  ветэран Вялікай Айчыннай вайны Міхаіл Ціханавіч Дзюба, першы сакратар Слуцкай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» Кацярына Леанідаўна Барысевіч,  вучаніца 9 класа сярэдняй школы №13 старшыня Маладзёжнага парламента горада Слуцка Валерыя Лагун,  вучаніца  8 класа  старшыня піянерскай дружыны сярэдняй школы №13 Кацярына Лапцэвіч узялі зямлю з брацкіх магіл, а потым ссыпалі яе ў мяшэчак з адпаведным надпісам. 

Хвілінай маўчання ўшанавалі загінулых у гады Вялікай Айчыннай вайны, да брацкіх магіл усклалі кветкі. 

Старт акцыі «У славу агульнай Перамогі!» дадзены! Аналагічныя мерапрыемствы пройдуць у кожным населеным пункце нашага раёна. 

Похожие записи