У Слуцкім дзяржаўным каледжы вялікую ўвагу надаюць выхаваўчай рабоце з навучэнцамі. У тым ліку дзеля гэтага ў 1999 годзе і быў створаны гісторыка-этнаграфічны музей, якому ў 2017 годзе прысвоена званне «народны». Экспазіцыя музея пастаянна папаўняецца новымі экспанатамі. А напярэдадні 75-годдзя Вялікай Перамогі вырашылі абнавіць залу баявой славы. Дарэчы, добра атрымалася. 
– Адзін з важных кірункаў работы каледжа – патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення. У музеі на працягу многіх гадоў рэалізуецца праект «Каб памяталі!», у рамках якога навучэцы знаёмяцца з гісторыяй горада, нашай краіны, наведваюць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, знаёмяцца з біяграфіяй герояў, чыімі імёнамі названы вуліцы горада, – адзначае намеснік дырэктара Слуцкага дзяржаўнага каледжа па вучэбна-выхаваўчай рабоце Надзея Міхайлаўна Лазоўская. – Акрамя гэтага ў музеі працуюць творчыя аб’яднанні «Краявед» і «Патрыёт», менавіта іх удзельнікі разам з педагогамі праводзяць пошукавую работу. Вялікую дапамогу нам аказаў краявед  Сяргей Іванавіч Багдашыч. Экспазіцыя ў зале значна пашырана.
У зале баявой славы прадстаўлены шматлікія фотаздымкі гадоў Вялікай Айчыннай вайны – у кожнага з іх свая гісторыя. Адшукаць іх дапамаглі супрацоўнікі Слуцкага краязнаўчага музея, краязнаўцы, інтэрнэт. Напрыклад, Слуцк   у першыя дні вайны. Гэтыя кадры ўраджэнец горада ўбачыў у нямецкім часопісе на выстаўцы ў Брэсцкай крэпасці. Зрабілі копіі і перадалі ў Слуцк. Сапраўды ўнікальныя фотаздымкі. Але большасць з іх была зроблена немцамі.
На адным з фотаздымкаў адлюстарваны варожыя калоны, якія рухаюцца па цэнтральнай вуліцы горада, справа – мясцовыя жыхары. А ў цэнтры фотаздымка 122-міліметровая гаўбіца, з якой двое невядомых савецкіх салдат расстралялі некалькі нямецкіх бронетранспарцёраў і знішчылі 47 фашысцкіх захопнікаў. Самі героі загінулі, іх пахавалі ў цэнтры горада каля будынка цяперашняга Дома культуры. На магіле ўстанавілі гільзу снарада. Пасля вызвалення Слуцка невядомых герояў перапахавалі на мемарыяльным комплексе.
Асобная экспазіцыя ў зале абрамлена калючым дротам. Яна прысвечана жыццю ў Слуцку  пры ўстаноўленым фашыстамі новым парадку, калі ў горадзе стварылі гета і канцлагер. У апошнім, дарэчы, утрымлівалі не толькі ваеннапалонных, туды  звозілі і мірнае насельніцтва.
Аб жудасных падзеях таго часу расказваў некалі сведка падзей Віктар Мікалаевіч Палікарпаў, паведаміў Сяргей Іванавіч Багдашыч. Дзякуючы яму атрымалася знайсці масавае пахаванне загінулых вязняў. Разам з сям’ёй яго прывезлі ў канцлагер з-пад Ржэва і размясцілі ў будынку казармы па вуліцы Віленскай. Другі і трэці паверхі займалі палонныя, на першым складвалі памерлых. У будынку былі выбітыя вокны. А ад смерці вязняў выратаваў чайнік, які яны прыхапілі з сабой з дому: у ім начамі грэлі ваду і пілі, каб сагрэцца. 
Асобная старонка гісторыі  – дзейнасць падпольшчыкаў і партызан. Не толькі зброяй змагаліся падчас вайны: ёсць у экспазіцыі і газета «Народны мсцівец» (у гады Вялікай Айчыннай вайны «Слуцкі край» выходзіў пад такой назвай). Шмат фотаздымкаў пасляваеннага Слуцка. Дарэчы, цікава было даведацца, што першым пасля вайны ў горадзе аднавілі парк. А яшчэ там ёсць нямецкі аўтамат, рэмень чырвонаармейца, савецкая каска і іншыя рэчы.
Зараз у экспазіцыі прадстаўлены каля 200 экспанатаў, з іх 85 фотаздымкаў. Пошукавая работа ў каледжы працягваецца. 
Ірына КАВАЛЕНКА.

Похожие записи