Гэта было свята сяброў, землякоў, настаўнікаў, ветэранаў, былых і сённяшніх вучняў – кранальнае, шчырае, добрае, прыгожае, прасякнутае адзінымі эмоцыямі: павагай, удзячнасцю, любоўю да роднай установы. У мінулую пятніцу ў Лучнікоўскім цэнтры культуры адбылася ўрачыстасць з нагоды 150-годдзя Лучнікоўскай сярэдняй школы.
 


На сцэне – выявы карабля з пунсовымі ветразямі, як у Аляксандра Грына, легкакрылых птушак у небе… Здаецца, вось-вось павее марскім брызам і кропелькі салёнай вады абдадуць твар. Вядучыя запрасілі ўдзельнікаў свята на віртуальным лайнеры «Юбілейны» адправіцца ў падарожжа па гісторыі Лучнікоўскай школы, хвалях школьнага жыцця… Колькі дасягненняў, адметных падзей, маленькіх і вялікіх перамог занатавана ў гістарычным летапісе дзяржаўнай установы адукацыі «Лучнікоўская сярэдняя школа», але самае галоўнае – колькі выдатных людзей, яркіх, самабытных асоб выхавала  гэта альма-матар! Многія з іх – прафесіяналы з вялікай літары – хлебаробы, навукоўцы, урачы, педагогі, прадстаўнікі творчых і многіх-многіх іншых (у ліку іх лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР Л.М. Дзярэча, беларускі вучоны ў галіне энергетыкі У.С. Кахановіч, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР Б.Р. Касцюкевіч, былы кіраўнік  ААТ «Вясейскі Пакроў» Л.М. Савановіч, адзначана дзяржаўнымі ўзнагародамі, і многія іншыя). Немалая ў тым заслуга настаўнікаў, кіраўнікоў Лучнікоўскай СШ. У свой час школу ўзначальвалі: Р.В. Шакун, К.М. Ральчык, М.Ф. Савасцеенка, Г.З. Трухан, У.К. Шуба, В.П. Жогаль, Н.Л. Гаўдзель. Прыемна адзначыць, што і цяпер у Лучнікоўскай сярэдняй школе ініцыятыўны, творчы, захоплены справай дырэктар Наталля Мікалаеўна Канавальчык.
Сардэчныя словы падзякі былі адрасаваны ветэранам установы – Н.А. Лістапад, М.М. Кухта, В.Ц. Грыцкевіч, Т.Л. Паўлоўскай, Л.Э. Лакатко, А.А. Рабінка, К.П. Караленя, Г.В. Салавей, А.Ф. Анушкевіч, Н.Ю. Клешчукевіч, Л.М. Залескай, В.П. Медзюлянавай, Г.П. Клевановіч. Зала стоячы апладзіравала гэтым мудрым сціплым людзям. Мінутай маўчання ўшанавалі памяць аб работніках школы, якіх, на жаль, ужо няма ў гэтым жыцці. Няхай будуць благаславеннымі іх светлыя імёны…

Гучалі віншаванні ад ветэранаў школы, адна са старэйшых з іх – былая настаўніца беларускай мовы і літаратуры Надзея Акімаўна Лістапад, якая пачынала сваю педагагічную працу ў пераможным 1945 годзе. На адным з прыпынкаў святочнага віртуальнага падарожжа сустрэліся з былымі дырэктарамі школы Васілём Паўлавічам Жогалем і Наталляй Львоўнай Гаўдзель. Былыя капітаны школьнага карабля падзяліліся ўспамінамі, як творча, цікава, захоплена, вынікова працавалася, у сэрцы не згасаюць пачуцці да школы, калектыву, нялёгкай, але высакароднай настаўніцкай працы.

Цудоўна, што лепшыя традыцыі ў Лучнікоўскай сярэдняй школе памнажаюцца, узбагачаюцца інавацыямі, новымі формамі, метадамі навучання і выхавання дзяцей, школьную сям’ю папаўняюць маладыя педагогі. Гэтым падзялілася дырэктар Лучнікоўскай СШ Н.М. Канавальчык. Як адзначыла Наталля Мікалаеўна, сімвалічны двухтомнік гісторыі Лучнікоўскай школы (ён, дарэчы, быў размешчаны на сцэне) ужо напісаны, аднак, бясспрэчна, летапіс установы працягваецца. Радуюць сённяшнія дасягненні педагагічнага і вучнёўскага калектыву ўстановы, аб чым сведчаць перамогі вучняў на прадметных алімпіядах, у разнастайных конкурсах, спартыўным, культурным жыцці. Па выніках мінулага навучальнага года Лучнікоўская сярэдняя школа сярод устаноў сярэдняй агульнай адукацыі сельскай мясцовасці прызнана лепшай у раёне. Аддана працуюць на педагагічнай ніве настаўнікі школы Л.А. Грыцкевіч, Л.П. Лапец, А.І. Славашэвіч, Л.М. Траяноўская, Н.А. Салавей, Т.А. Маханько, А.В. Федаровіч, Т.М. Данілава, Н.М. Разальская.
Шмат яшчэ цікавых сустрэч, прыемных сюрпрызаў прынесла гледачам гэта арыгінальнае віртуальнае падарожжа. Напрыклад, ушанавалі сем’і з ліку выпускнікоў школы. Творчымі талентамі, разнастайнымі канцэртнымі нумарамі парадавалі вучні. А яшчэ было шмат віншаванняў і падарункаў ад гасцей, а як жа інакш – такі важкі юбілей!

Ад імя Слуцкага райвыканкама, Слуцкага раённага Савета дэпутатаў калектыў установы, ветэранаў, прысутных з юбілейнай датай віншаваў намеснік старшыні Слуцкага раённага Савета дэпутатаў, начальнік фінансавага ўпраўлення Слуцкага райвыканкама Уладзімір Леанідавіч Гога. З сардэчнымі падзякамі за плённую працу, добрымі пажаданнямі да работнікаў Лучнікоўскай СШ, ветэранаў звярнуліся дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людміла Іванаўна Ніжэвіч, начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Слуцкага райвыканкама Андрэй Васільевіч Нядзелька, прарэктар па навукова-метадычнай рабоце ДУА «Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі» Марына Аляксееўна Краснова, дэпутат Мінскага абласнога Савета дэпутатаў, дырэктар Слуцкага дзяржаўнага каледжа Барыс Браніслававіч Блахін, старшыня Слуцкага раённага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяна Міхайлаўна Кахановіч. Гучалі віншаванні і ад ААТ «Аграфірма «Лучнікі», Сяражскага сельвыканкама, Сяражскай СШ, іншых устаноў.


За добрасумленную працу, значны ўклад у навучанне і фарміраванне інтэлектуальнага, культурнага і маральнага развіцця навучэнцаў Падзячным лістом Слуцкага раённага Савета дэпутатаў адзначаны калектыў Лучнікоўскай СШ, Падзякай старшыні Слуцкага райвыканкама – настаўніца гісторыі Лучнікоўскай сярэдняй школы Л.А. Грыцкевіч, Падзякамі начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама – дырэктар Н.М. Канавальчык, настаўніца пачатковых класаў – А.І. Славашэвіч, Ганаровай граматай Прэзідыума Мінскага абласнога камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі – старшыня прафсаюзнай арганізацыі школы Н.А. Салавей, граматамі прэзідыума Слуцкага райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі – настаўніцы школы Л.П. Лапец, А.Л. Корзун, прыбіральшчыца Н.В. Кракасевіч, шэф-повар Т.А. Берасневіч.


У ліку падарункаў установе – сертыфікат на камп’ютарны клас ад Слуцкага райвыканкама! І, канечне, які ж дзень нараджэння без тортаў: іх прэзентавалі да юбілею ад наглядальнага савета школы і Слуцкага дзяржаўнага каледжа – неверагодная прыгажосць і смаката (адміністрацыя Лучнікоўскай СШ выказвае падзяку за аказаную дапамагу пры арганізацыі ўрачыстасці ААТ «Аграфірма «Лучнікі» (дырэктар В.П. Статкевіч), ААТ «Слуцкі хлебазавод» (дырэктар Д.Д. Чырэц), старшыні раённай арганізацыі ГА «Белая Русь» А.А. Кунцэвічу, Лучнікоўскай  школе мастацтваў (дырэктар Т.У. Даніловіч), Лучнікоўскаму цэнтру культуры (дырэктар Н.Г. Арэхава).











Карабель пад назвай «Лучнікоўская сярэдняя школа» ўпэўнена працягвае свой ход – насустрач новым падзеям, сустрэчам, адкрыццям. Свежы вецер напаўняе пунсовыя ветразі гэтага карабля, і відавочна, што мары будуць здзяйсняцца, што далейшае падарожжа абавязкова будзе шчаслівым.
Наталля СЕЛЯЗНЁВА.
Предыдущая запись

Похожие записи