У дамашнім матчы 20 тура Беларусбанк – чэмпіянату па футболе «Слуцк» мінімальна саступіў БАТЭ. Крыўднае паражэнне, улічваючы якасць гульні нашых футбалістаў.

У гэтым матчы перш за ўсё адзначу цудоўную гульню Ільі Бранаўца, хоць ён і прапусціў гол. Удалы дэбют галкіпера-случчаніна ў стартавым складзе асноўнай каманды ў гэтым сезоне.
Паражэнне ад чэмпіёна 0:1 засмуціла. Гулялі нашы футбалісты добра, да штрафной саперніка ляцелі, па варотах білі. Хацелася хаця б нічыю…
Галоўны трэнер «Слуцка» Віталій Паўлаў:
– Крыўднае паражэнне. Гульня была добрай і з нашага боку, і з боку саперніка. Зразумела, што барысаўчане гулялі на фоне стомленасці, мы гэта разумелі. Але ўсё ж нейкая ратацыя ў іх была. І выканальніцкае майстэрства ў БАТЭ было вышэй. Мы і стараліся, і нядрэнна выглядалі, і нейкія моманты былі. Але ўсё залежала ад выканальніцкага майстэрства. Для станоўчага выніку трэба не тое што мінімум памылак здзейсніць, іх наогул быць не павінна. А прэтэнзій да хлопцаў прад’явіць не магу, яны стараліся. Што зробіш, такі сёння наш узровень. Будзем працаваць. Ёсць праблемы: два чалавекі атрымалі траўмы. 9 верасня – таварыская гульня з «Шахцёрам».
На поле футбалістаў выводзілі выхаванцы ДЮСШ СФК «Слуцк» і сацыяльна-педагагічнага цэнтра. Клуб зноў далучыўся да акцыі «Слуцкага краю» «100 добрых спраў». Дзеці атрымалі сувеніры ад «Слуцка» і школьныя прыналежнасці ад супрацоўнікаў рэдакцыі газеты.
Дарэчы, дарагія балельшчыкі,  прапануйце добрыя справы, якія мы можам ажыццявіць разам.
У чаканні наступнай гульні 8 верасня будзем балець за каманду Беларусі ў супрацьстаянні з Сан-Марына і Яўгенія Шыкаўку, якога вызвалі ў нацыянальную зборную на матчы Лігі нацый.
А 16 верасня падтрымаем каманду роднага горада ў выязной гульні са «Смалявічамі». За Слуцк і «Слуцк», разам!
*  *  *
  • СФК «Слуцк» запрашае хлопчыкаў 2011 і 2012 гадоў нараджэння ў групу падрыхтоўкі. Заняткі бясплатныя, праходзяць на стадыёне Слуцкага дзяржаўнага каледжа (вул. Тутарынава). Хлопчыкі 2011 г.н. – аўторак, чацвер; хлопчыкі 2012 г.н. – серада пятніца. Трэнер – Аляксандр Мікалаевіч Рамашка (тэлефон 8-029-7750825).
Ірына ВЕЧАР.

Похожие записи