НА ЗДЫМКУ: Дзмітрый Бартошык, Д.Д. Багдановіч.
У ваенных камісарыятах краіны завяршылася прызыўная кампанія. Будучыя абаронцы Радзімы раз’ехаліся па воінскіх часцях: хтосьці будзе служыць паўтара года, а некаторыя – год.
Начальнік аддзялення прызыву на тэрміновую службу ваеннага камісарыята Слуцкага і Старадарожскага раёнаў Дзяніс Дзмітрыевіч Багдановіч адзначыў, што сёлета каля 120 юнакоў Случчыны адпраўлены на тэрміновую службу і службу ў рэзерве. Адметнасць сёлетняй прызыўной кампаніі ў тым, что ваенны камісарыят самастойна адбіраў юнакоў у тыя ці іншыя войскі (раней прадстаўнікі воінскіх часцей здзяйснялі адбор). Пры гэтым максімальна ўлічвалі пажаданні прызыўнікоў, але ж галоўны крытэрый – стан здароўя і маральна-дзелавыя якасці. Два чалавекі не з’явіліся ў ваенны камісарыят на мерапрыемствы прызыву, матэрыялы накіраваны ў пракуратуру для праверкі.
– Мы ведаем, як праходзяць службу нашы прызыўнікі. Калі ў іх узнікаюць цяжкасці, гатовыя дапамагчы. Заўсёды юнакам і іх бацькам пакідаем нумары тэлефонаў супрацоўнікаў камісарыята для сувязі, – гаворыць Дзяніс Дзмітрыевіч Багдановіч. – Зразумела, маладым людзям адразу няпроста адаптавацца ў новых умовах, прывыкнуць да строгага распарадку, але праз пэўны час гэта ўжо не палохае. Прыемна, што некаторыя юнакі потым вырашаюць звязаць сваё далейшае жыццё з арміяй, застаюцца служыць па кантракце ці пераходзяць на службу ў органы ўнутраных спраў. Да іх ліку адносіцца і случчанін Дзмітрый Бартошык, які плануе працаўладкавацца ў аддзеле ўнутраных спраў райвыканкама.
Дзмітрый праходзіў службу ў 103-й гвардзейскай асобнай мабільнай брыгадзе (г. Віцебск). Быў камандзірам аўтамабільнага аддзялення. Напярэдадні службы ва Узброеных Сілах прайшоў навучанне ў ДТСААФ (за сродкі Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь).
– Служба ў арміі прымушае пасталець, характар мяняецца, адносіны да родных (стараўся часцей ім тэлефанаваць). Стаў больш самастойным, – дзеліцца ўражаннямі Дзмітрый Бартошык. – Вядома, спачатку было цяжка: іншыя ўмовы жыцця, незнаёмыя людзі, а так пытанняў у мяне не ўзнікала. Асвоіўся, пасябраваў з іншымі юнакамі. У нас не было так званай дзедаўшчыны. Наадварот, старэйшыя дапамагалі навабранцам. У нас быў згуртаваны калектыў, разам працавалі над агульнымі задачамі. Удзельнічалі нават у вучэнні. А салдаты, якія на паўгода пазней былі прызваны на службу ў нашу часць, ездзілі на вучэнні ў Арменію, Таджыкістан. Не трэба арміі баяцца, гэта своеасаблівая школа загартоўкі.
Ірына КАВАЛЕНКА.