Дзейнасць саветаў грамадскіх пунктаў аховы правапарадку ў мінулым годзе разгледзелі на выніковым пасяджэнні. У ім прынялі ўдзел старшыня Слуцкага раённага Савета дэпутатаў Наталля Аляксандраўна Аўсяннікава, старшыні саветаў ГПАП, камандзіры добраахвотных дружын.
Начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі аддзела ўнутраных спраў Слуцкага райвыканкама Аляксандр Аляксандравіч Семяновіч пазнаёміў з сітуацыяй па прафілактыцы злачыннасці ў раёне. Засяродзіў увагу на ўзаемадзеянні ўчастковых інспектараў міліцыі з саветамі ГПАП, сумеснай прафілактычнай рабоце.
Вопытам работы падзялілася старшыня савета грамадскага пункта аховы правапарадку №2, намеснік генеральнага дырэктара ААТ «Слуцкі мясакамбінат» па ідэалагічнай рабоце Святлалана Анатольеўна Німера. Пункт забяспечаны неабходнай матэрыяльна-тэхнічнай базай, ёсць інфармацыйныя стэнды і банк дадзеных аб людзях, якія стаяць на рознага віду ўліках, у адпаведнасці з планам своечасова праводзяцца пасяджэнні савета. Прафілактычныя гутаркі, індывідуальная работа з грамадзянамі, якія здзейснілі правапарушэнні, вядуць асацыяльны лад жыцця, значна ўплываюць на паляпшэнне крымінагеннай сітуацыі ў прамысловым мікрараёне.
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Слуцкага райвыканкама Міхаіл Паўлавіч Варабей звярнуў увагу прысутных на работу добраахвотных дружын, асноўная задачай якіх – садзейнічанне праваахоўным органам у ахове правапарадку. На жаль, не ўсе члены добраахвотных дружын адказна падыходзяць да справы. Таму некаторым неабходна актывізавацца ў дадзеным кірунку.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Н.А. Аўсяннікава ўручыла дыпломы Слуцкага райвыканкама пераможцам штогадовага агляду-конкурсу на званне «Лепшы савет грамадскага пункта аховы правапарадку» і падзякі старшыні Слуцкага райвыканкама лепшым добраахвотным дружынам.
Па выніках мінулага года пераможцам штогадовага агляду-конкурсу на званне «Лепшы савет грамадскага пункта аховы правапарадку» прызнаны: першае месца – савет ГПАП №2 г. Слуцка (старшыня савета Святлана Анатольеўна Німера), другое – савет ГПАП №4 г. Слуцка (старшыня савета Ала Уладзіміраўна Набіева), трэцяе месца – савет ГПАП Покрашаўскага сельсавета (старшыня савета Іван Іванавіч Гарбацэвіч). Лепшая добраахвотная дружына – у дзяржаўнай лесагаспадарчай установе «Слуцкі лясгас», а лепшы дружыннік – камандзір добраахвотнай дружыны камунальнага ўнітарнага прадпрыемства «Універмаг «Слуцк» Барыс Яўгенавіч Блахін.
Зразумела, што савет грамадскага пункта аховы правапарадку і добраахвотная дружына не могуць раптоўна спыніць злачыннасць, але іх актыўнасць, узаемадзеянне з праваахоўнымі органамі і неабыякавасць дазволяць папярэдзіць правапарушэнні.