29 студзеня стартаваў 54 інтэрнацыянальны Зорны паход па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа, які праходзіць штогод і сёлета прысвечаны 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Случчыну наведаў атрад «Новая гвардыя», у складзе якога студэнты гістарычнага факультэта і інстытута псіхалогіі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка.
Будучыя педагогі з Беларусі, Расіі, Азербайджана, Казахстана, Туркменістана і Узбекістана працягваюць добрую традыцыю, якую заклалі іх папярэднікі ў 1966 годзе. На карце маршрут першага пахода нагадваў зорку, а таму атрымаў назву «Зорны».
Зорны паход па Слуцкім раёне пачаўся з наведвання студэнтамі БДПУ Грэскай сярэдняй школы. Юныя грэскія экскурсаводы пазнаёмілі гасцей з экспазіцыяй школьнага краязнаўчага музея, будучыя псіхолагі правялі для вучняў трэнінгі і майстар-класы, а студэнты-гісторыкі – гульню па гісторыі Старажытнага свету. Вучні педкласаў абмеркавалі з удзельнікамі Зорнага паходу, ці лёгка быць настаўнікам, студэнты расказалі пра педуніверсітэт, уразіла размова з ветэранам педагагічнай працы настаўнікам-метадыстам вышэйшай катэгорыі Валянцінай Аляксандраўнай Ісакавай.
На наступны дзень удзельнікі Зорнага паходу з вялікай праграмай наведалі Ленінскі ВПК яслі-сад – сярэдняя школа. У пісхалагічных трэнінгах, прафарыентацыйным блоку паўдзельнічалі таксама вучні Падлескага ВПК, Селішчанскай, Лядненскай, Танежыцкай сярэдніх школ. Студэнты ўбачылі, чым жывуць сельскія школы, а будучыя абітурыентыі атрымалі карысныя парады. Спадабалася канцэртная праграма «БДПУ – будучыня пачынаецца тут».
У Слуцку ўдзельнікі Зорнага паходу ўсклалі кветкі да памятнага знака воінам-вызваліцелям, адбыўся мітынг, у якім удзельнічалі старшыня Слуцкага раённага Савета дэпутатаў Наталля Аляксандраўна Аўсяннікава, начальнік упраўлення па адукацыі Слуцага райвыканкама Андрэй Васільевіч Нядзелька, вучні СШ №5.
Завяршыўся другі дзень Зорнага паходу сустрэчай у Мінскім абласным кадэцкім вучылішчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, Узброеных Сіл.
Прафарыентацыйную канцэртную праграму «БДПУ – будучыня пачынаецца тут» студэнты прадставілі таксама ў СШ №№10 імя С.Ф. Рубанава, 11, 13. У СШ №10 імя С.Ф. Рубанава таксама і для вучняў сярэдніх школ №№5, 12, гімназіі №2 правялі псіхалагічны трэнінг, майстар-клас па гульні КВЗ, таксама форум-тэатр (інтэрактыўная інсцэніроўка), падыскутавалі з васьмікласнікамі на тэму «Ідэальны чалавек XXI стагоддзя». А ў СШ №11 адбыўся матч па міні-футболе. Вучні з абмежаванымі магчымасцямі ў СШ №13 здзівілі сталічных гасцей сваімі творчымі талентамі.
Як адзначылі камісар атрада «Новая гвардыя» Мацвей Фамічоў і ўдзельнік атрада Ціхан Урбан,
Случчына гасцінна сустрэла Зорны паход, цёплая шчырая атмасфера ў школах, адчуваецца, што гасцям тут рады. Галоўнай сваёй місіяй удзельнікі паходу лічаць садзейнічанне абуджэнню патрыятычных пачуццяў школьнікаў, умацаванню сувязі пакаленняў, захаванне памяці пра тых, хто здабываў Вялікую Перамогу. Ну а для будучых педагогаў зносіны са школьнікамі, вядома ж, вельмі карысныя.
Адна з удзельніц Зорнага паходу случчанка Вера Грышына (на здымку), выпускніца гімназіі №1, – студэнтка першага курса Інстытута псіхалогіі БДПУ. У сваім першым Зорным паходзе яна выступае ў канцэртнай праграме, першакурсніца яшчэ не можа праводзіць трэнінгі, але ў далейшым спадзяецца быць і трэнерам. Зорны паход Вера лічыць карысным для знаёмства з краінай, жыхарамі розных рэгіёнаў, таксама цудоўнай магчымасцю наладзіць камунікацыі з прадстаўнікамі іншых факультэтаў, з выкладчыкамі ў нефармальнай абстаноўцы.
Удзельнікі Зорнага паходу наведалі таксама музей слуцкіх паясоў, для іх правялі экскурсію па старэйшай навучальнай установе Беларусі гімназіі №1.
Ірына ШЧАРБОВІЧ.