Ужо на наступным тыдні пачнецца новы навучальны год. Як падрыхтаваны ўстановы адукацыі да пачатку заняткаў, якія работы праведзены для паляпшэння ўмоў навучання ў школах і дзіцячых садах, расказаў начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Слуцкага райвыканкама Андрэй  Васільевіч Нядзелька:
– Амаль 9,5 тысячы школьнікаў, з іх больш за 1 000 першакласнікаў і не менш за 4 200 выхаванцаў дзіцячых садоў, прыступяць да заняткаў 1 верасня. Стварыць для іх камфортныя і бяспечныя ўмовы адукацыйнага працэсу – адна з важнейшых задач. 
Да ўпраўлення па адукакцыі, спорце і турызме Слуцкага райвыканкама адносяцца 89 устаноў адукацыі: 40 – дашкольнай адукацыі, у тым ліку 2 цэнтры развіцця дзіцяці, 38 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі (сярод іх 2 гімназіі, 5 вучэбна-педагагічных комплексаў, 3 базавыя школы), 5 устаноў дадатковай адукацыі, цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, сацыяльна-педагагічны цэнтр, СДЮШАР, спартыўныя ўстановы, у іх ліку стадыён «Гарадскі». Усе яны падрыхтаваны да пачатку навучальнага года. Рамонтна-будаўнічыя работы праводзіліся гаспадарчым спосабам і па грамадзянска-прававых дагаворах. Ва ўсіх установах праводзяцца касметычныя  рамонты таксама за кошт пазабюджэтных і спонсарскіх сродкаў.
Выкананы сантэхнічныя  работы: у 26 установах часткова заменены водаправодныя і каналізацыйныя трубы, у 6 дзіцячых садах заменены сантэхпосуд, праведзены рамонт артэзіянскіх свідравін, сістэм ацяплення, устаноўлены 11 воданагравальнікаў у 10 установах. Заменены 2 033 электрасвяцільні, у 20 установах выкананы электрамантажныя работы, у 8 – завяршаюцца. Для харчовых блокаў набыта 11 адзінак халадзільнага і 21 адзінка тэхналагічнага абсталявання, закуплены кухонны посуд і інвентар.  
Праведзены поўны рамонт 12 кабінетаў у школах, 6 груп у дзіцячых садах, касметычы рамонт у 74 кабінетах і 12 групах адпаведна, абноўлены 3 спартыўныя залы ў школах. У 9 установах заменены  аконныя і дзвярныя блокі, праведзены і іншыя рамонтныя работы ў будынках устаноў. Вялікі аб’ём рамонтных работ выкананы ў спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школе алімпійскага рэзерву.

Для павышэння якасці адукацыйнага працэсу набыта 47 адзінак камп’ютарнай тэхнікі, 3 адзінкі электронных сродкаў навучання, больш за 400 адзінак спартыўнага інвентару. Установы дашкольнай адукацыі на 84,4% (патрабаванне – 79,5%) забяспечаны сродкамі выхавання, навучання, гульнямі і гульнявым абсталяваннем, спартыўным інвентаром у адпаведнасці з устаноўленым Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь пералікам. Падвоз вучняў і выхаванцаў дзіцячых садоў будзе ажыццяўляцца 11 аўтобусамі.
Для стварэння бяспечных умоў знаходжання дзяцей ва ўсіх установах  адукацыі функцыянуюць сістэмы відэаназірання, у 2018 годзе абсталяваны аўтаматычнай пажарнай сігналізацыяй і сістэмай апавяшчэння аб пажары 4 установы (усяго – 17). 18 устаноў адукацыі ў горадзе абсталяваны сродкамі трывожнай сігналізацыі, у 6 дзіцячых садах горада да пачатку навучальнага года з’явяцца «трывожныя кнопкі». Вядуцца работы па ўстараненні недахопаў, выяўленых органамі Дзяржпажнагляду і Дзяржэнерганагляду. 
Будынак шолы ў вёсцы Кляпчаны падрыхтаваны да пачатку навучальнага года. Адрамантаваны класы і іншыя памяшканні, выкананы мантаж сістэмы водазабеспячэння ў харчаблоку, завяршаюцца іншыя работы для забеспячэння функцыянавання ўстановы. Завезены школьныя дошкі, мэбля для кабінетаў. Школа адкрыецца 1 верасня.
Пашпарты гатоўнасці навучальных устаноў падпісаны. Мы пастараліся стварыць па магчымасці найбольш камфортныя ўмовы ў класах, групах для дзяцей. Дзякуем бацькам за разуменне і дапамогу, таксама спонсарам за супрацоўніцтва і падтрымку. Спадзяюся, у новым навучальным годзе нашых вучняў і выхаванцаў дзіцячых садоў, іх бацькоў і педагогаў чакае плённая вучэбная дзейнасць, творчае супрацоўніцтва, многа станоўчых эмоцый.
Ірына ВЕЧАР.

Похожие записи