У мінулую суботу карэспандэнт «Слуцкага краю» пабывала ў 30-й асобнай чыгуначнай Чырванасцяжнай брыгадзе на ўрачыстай цырымоніі прыняцця навабранцамі ваеннай прысягі.
На ваенным пляцы – роўныя шарэнгі вайскоўцаў, на ветры трапечуць сцягі і чутны звонкія маладыя галасы: «Я, грамадзянін Рэспублікі Беларусь, урачыста клянуся быць адданым свайму народу…». Каля 300 навабранцаў прысягалі на вернасць Радзіме ў 30-й асобнай чыгуначнай Чырванасцяжнай брыгадзе. І не проста вымаўлялі словы клятвы, было бачна, як многія салдаты хваляваліся, як былі напоўнены адметнасцю моманту, важнай падзеяй  іх жыцця.
Камандзір 30-й асобнай чыгуначнай Чырванасцяжнай брыгады палкоўнік Аляксандр Уладзіміравіч Неўмяржыцкі адзначыў, што служба ў арміі – ганаровы і адказны абавязак па абароне суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржавы, які патрабуе ад ваеннаслужачых стараннасці ў авалоданні ваеннай справай, быць мужнымі, храбрымі і дысцыплінаванымі, сумленна выконваць вызначаныя задачы. 
Звяртаючыся да маладых салдат, начальнік Дэпартамента транспартнага забеспячэння Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь палкоўнік Юрый Мікалаевіч Шаплаўскі падкрэсліў, што маладыя людзі пачынаюць службу ў асаблівым годзе, калі адзначаецца 100-годдзе Узброеных Сіл, і ў слаўным вайсковым падраздзяленні – нямала подзвігаў на рахунку вайскоўцаў 30-й асобнай чыгуначнай Чырванасцяжнай брыгады ў час Вялікай Айчыннай вайны, істотныя дасягненні ў мірныя гады. Новы час вызначае новыя дзяржаўныя задачы, у тым ліку па  ўдасканаленні транспартнай інфраструктуры краіны, у ажыццяўленні некаторых з іх прымуць удзел маладыя салдаты. Падчас службы ў арміі яны атрымаюць новыя спецыяльнасці, пройдуць выдатную фізічную падрыхтоўку. Юрый Мікалаевіч Шаплаўскі зычыў салдатам добрай службы, высока несці званне ваеннаслужачых транспартных войскаў. Пра гэта гаварыў у сваім выступленні і першы начальнік чыгуначных войскаў Рэспублікі Беларусь, ганаровы салдат 174 асобнага чыгуначнага батальёна механізацыі генерал-маёр Анатолій Якаўлевіч Сцяпук. У сённяшнім неспакойным, канфліктным свеце нам трэба берагчы найвялікшую каштоўнасць – мір на нашай зямлі, а для гэтага неабходна забяспечваць высокую абараназдольнасць краіны, падкрэсліў А.Я. Сцяпук.
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валянціна Вітальеўна Ражанец адзначыла, што падчас службы ў арміі маладым людзям прадастаўляюцца значныя магчымасці па самаўдасканаленні, развіцці, авалоданні новымі ведамі і навыкамі, і гэтымі магчымасцямі, канечне, неабходна скарыстацца. Валянціна Вітальеўна Ражанец павіншавала маладых ваеннаслужачых з прыняццем ваеннай прысягі, зычыла паспяховай службы, дзякавала бацькам за годных сыноў. Ад імя Слуцкага раённага выканаўчага камітэта, Слуцкага раённага Савета дэпутатаў салдат і іх бацькоў віншавала намеснік старшыні Слуцкага райвыканкама Ларыса Генадзьеўна Дабравольская. Служба ў арміі – свяшчэнны абавязак, гаварыла Ларыса Генадзьеўна Дабравольская, у Год малой радзімы ён набывае адметнае значэнне, калі кожны ўносіць свой уклад ва ўмацаванне і развіццё роднага краю, краіны. Сваю лепту ў сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны ўносіць 30-я асобная чыгуначная брыгада. Ларыса Генадзьеўна Дабравольская жадала навабранцам быць годнымі прадаўжальнікамі слаўных традыцый вайскоўцаў брыгады.
Паспяховай службы, здароўя, належнага выканання воінскага абавязку зычыла салдатам маці навабранца Святлана Віктараўна Петрусёва, а радавы Віктар Собалеў запэўніў, што маладое папаўненне чыгуначнай брыгады не падвядзе.
Ва ўрачыстым мерапрыемстве таксама прынялі ўдзел ваенны камісар Слуцкага і Старадарожскага раёнаў палкоўнік Аляксандр Міхайлавіч Петравец, ветэран Узброеных Сіл падпалкоўнік у адстаўцы Васілій Васільевіч Равінскі. 
Благачынны Слуцкай царкоўнай акругі протаіерэй айцец Ігар благаславіў вайскоўцаў на добрую службу.
Шматлікія госці з розных абласцей у той дзень прыехалі на цырымонію прыняцця прысягі – бацькі, родныя, сябры салдат. Як я даведалася, у ліку навабранцаў – жыхары Мінскай, Брэсцкай, Гомельскай, Віцебскай абласцей.  Напрыклад, да радавога Дзмітрыя Ката з Пінска прыбыла ўся сям’я – бацькі Вольга Канстанцінаўна і Віктар Серафімавіч, сястра Карына і брат Максім. Мама Вольга Канстанцінаўна шчасліва ўсміхалася, сказала, што за сына, канечне, хвалюецца, аднак пераканана, што ў такім слаўным падраздзяленні з ім нічога дрэннага не здарыцца. У гэтым яе можа запэўніць і Міхаіл Ермаковіч, які год таму праходзіў службу ў 30-й чыгуначнай брыгадзе, а зараз прыехаў на прысягу да сяброў. Міхаіл аўтарытэтна заявіў, што ўзгадвае службу з задавальненнем, яна многае дала, дапамагла акрэпнуць і целам, і духам. Святлана Віктараўна Петрусёва са Жлобіна сказала, што ганарыцца сынам Віктарам, які без ваганняў пайшоў служыць у армію. Гэта абавязак кожнага мужчыны – радзіму абараняць, служба ў арміі – школа сталення, новага вопыту, школа мужнасці для маладых людзей, лічыць Святлана Віктараўна.
Для бацькоў і родных салдат арганізавалі экскурсію па часці. Як заўсёды, парадаваў пляц-канцэрт ваеннага духавога аркестра брыгады.
Служыце годна, салдаты!
Наталля СЕЛЯЗНЁВА.

 




















Похожие записи