Ульяна Чарніковіч, адзінаццацікласніца гімназіі №2, стала пераможцай заключнага этапа рэспубліканскай прадметнай алімпіяды па нямецкай мове.

Дзяўчына мэтанакіраваная, вельмі адказная, старанная, гаворыць пра яе дырэктар гімназіі Аляксандр Адамавіч Казючыц, ну і, вядома, нельга не адзначыць самааданасць, прафесіяналізм яе настаўніцы Ірыны Уладзіміраўны Гарбуновай. Яна лепшая настаўніца ў раёне, упэўнена Ульяна.
Дзяўчына з 9 класа ўдзельнічае ў алімпіядзе па нямецкай мове, заўсёды выходзіла на заключны этап. Пасля 10 класа атрымала як узнагароду паездку ў Германію. Гэта было здорава, кажа Ульяна, знаёмства з іншай краінай, новыя ўражанні, стасункі. А на гэты раз перамога ў фінале дала магчымасць яшчэ пакуль вучаніцы ўжо выбраць, студэнткай якой вышэйшай навучальнай установы, дзе нямецкая мова з’яўляецца профільным прадметам для той ці іншай спецыяльнасці, яна стане.
Але пра гэта Ульяна пакуль не думае, не супакойваецца: наперадзе экзамены, і самы-самы з іх – гісторыя, настаўніца вельмі патрабавальная, усміхаецца дзяўчына. Мая субяседніца аднолькава старанная па ўсіх прадметах, яна прэтэндэнт на залаты медаль. І хоць яна больш гуманітарый, прызнаецца Ульяна, фізіка і матэматыка ёй таксама цікавыя. І яна любіць вучыцца.
Ну а да нямецкай мовы, якую вучням у гімназіі №2 выкладаюць пачынаючы з другога класа, цікавасць праявілася, калі Ульяна ўпершыню паўдзельнічала ў алімпіядзе.
– Гэта мой любімы прадмет, – расказвае субяседніца,  – і, шчыра кажучы, у школу хаджу, каб займацца нямецкай мовай. І я вельмі ўдзячная маёй настаўніцы Ірыне Уладзіміраўне Гарбуновай, яна вельмі многа свайго часу інвеставала ў мяне, прыдумвала розныя заданні падчас падрыхтоўкі да алімпіяды. Яна дала мне не толькі веды, але і падтрымку, навучыла, як сябе паводзіць, як рэагаваць на тыя ці іншыя сітуацыі. І мой поспех – гэта і неабыякавы настаўнік, і  мае ўласныя намаганні, але без Ірыны Уладзіміраўны я не дасягнула б  свайго выніку. У алімпіядных заданнях, напрыклад, не было нічога  такога, да чаго я не была б падрыхтаваная. А калі я вярнулася, мы адразу разабралі ўсе мае памылкі (іх было нямнога). Ірына Уладзіміраўна стала для мяне  блізкім чалавекам, вельмі многае мне дае. Яна працуе так, каб дасягнуць выніку, і мяне гэтаму навучыла. 
Ульяна рэдка выходзіць куды-небудзь з сябрамі, больш займаецца або праводзіць час за добрай кнігай. І чытаць любіць літаратуру, якая дае працу для розуму, падабаюцца кнігі складаныя, калі трэба падумаць, што хацеў сказаць аўтар, што хацеў данесці да чытача. Нелюбімы не толькі для школьнікаў Дастаеўскі  ёй падабаецца, а апошняя прачытаная кніга – «Замак» Франца Кафкі.
З далейшымі планамі цяпер цяжка вызначыцца, адзначае Ульяна, калі магчымасцей шмат, напэўна, гэта будзе лінгвістычны ўніверсітэт або эканамічны. Шкада, гаворыць дзяўчына, што не будзе выпускнога балю, але ж і ў цяперашняй сітуацыі ёсць выйсце: прыгожыя сукенкі можна надзець на ўрачыстае ўручэнне атэстатаў, ну а адсвяткаваць – з роднымі. 
Да апошняга званка застаецца пара дзён, і сотні выпускнікоў разляцяцца хто куды. Няхай ім пашанцуе! 
Ірына ВЕЧАР.

Похожие записи