Працаўнікам сельгаспрадпрыемстваў не так проста выбраць час для адпачынку ў гарачую пару. А працаваць і адпачываць яны ўмеюць. 15 каманд спаборнічалі ў Нежаўскім лесе ў турыстычных, спартыўных дысцыплінах, а таксама ў творчых конкурсах. Цудоўны настрой, атмасфера здаровага саперніцтва, добрыя сябры побач – выдатны адпачынак забяспечаны.
Удзельнікаў турзлёту вітаў старшыня Слуцкага райвыканкама Андрэй Уладзіслававіч Янчэўскі, пажадаў перамог, настрою і добрага адпачынку. Аматарам турызму, у якіх 15 чэрвеня дзень нараджэння, уручыў сувеніры.
Пачалі адразу з конкурсу прывітанняў. Кожная каманда ў вершаванай гумарыстычнай форме агучыла свае мэты, пажаданні сапернікам і журы.
А пасля змагаліся самыя дужыя, скаардынаваныя і ўстойлівыя. Перацягванне канатаў, бадай, самы эмацыянальны від спаборніцтваў не толькі для іх удзельнікаў, але і для гледачоў. Колькі азарту было на пляцоўцы, колькі волі да перамогі праявілі ўдзельнікі. Былі і такія каманды, якія змаглі на самай чырвонай лініі пераламаць барацьбу і выйграць. Вось гэта сіла характараў і моц!
Велапаласа была свайго роду адпачынкам. Таксама ў першы вечар адбыўся самы смачны конкурс – на лепшую турыстычную страву. Дыскатэка і песні ля вогнішча – як жа без гэтага ў добрай кампаніі аматараў актыўнага адпачынку.
На працягу трох дзён суддзі ацэньвалі добраўпарадкаванасць турыстычных лагераў. Прайшлі спаборніцтвы па валейболе, пераадолелі турысцкую паласу, кіраўнікі таксама не засталіся ўбаку, удзельнічалі ў конкурсах. Выбралі і лепшы турыстычны абед. Творчыя таленты турысты дэманстравалі ў конкурсе візітак.
На ўрачыстым закрыцці турзлёту адзначылі пераможцаў, уручылі прызы за перамогі ў асобных відах спаборніцтваў.
Па выніках спаборніцтваў першае месца заняла каманда ААТ «Падлессе-2003», на другім месцы – СГФ «Крывая Града» ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат», на трэцім – ДП «Саўгас «Рачкавічы» Беларускай чыгункі.
І, як заўсёды, завяршылі аперацыяй «Нас тут не было», не сакрэтнай, а па навядзенні парадку.
Удзельнікі турзлёту дзякавалі арганізатарам за такое цудоўнае мерапрыемства, многа ўражанняў, эмоцый, новыя знаёмствы і цудоўны адпачынак.
Да наступнай сустрэчы, турысты!
Ірына ВЕЧАР.