Першымі да гэтых работ сёлета прыступілі ў ААТ «Аграфірма «Лучнікі». Як арганізавана сяўба і на што робяць стаўку, даведвалася карэспандэнт раённай газеты.


У сельгасарганізацыі ўжо пасеялі яравыя збожжавыя і аднагадовыя культуры. Апошнія вырошчваюць для кармлення жывёлы. І тут у прыярытэце высокабялковы корм. Таму выбіраюць люцэрну, з якой можна атрымаць добры сянаж.


Двойчы падкармілі азімыя збожжавыя.


– Другая падкормка азімых азотнымі ўгнаеннямі якраз супала з красавіцкім снегам, што вельмі добра для культур, якія ўзялі яшчэ і дадатковую вільгаць, – адзначае галоўны аграном сельгасарганізацыі Сяргей Савановіч. – Але хоць красавік і прыбавіў вільгаці, сеяць трэба не марудзячы. Ды і надвор’е зноўку радуе цеплынёй. Таму да сяўбы кукурузы і цукровых буракоў прыступаем раней. У параўнанні з мінулым годам дзён на 10. Тым больш, што і паветра, па прагнозах сіноптыкаў, хутка прагрэецца.


Пад кукурузу ў гэтым годзе ў ААТ «Аграфірма «Лучнікі» адведзена 1 100 гектараў – 400 на зерне і 700 на сілас.


– Гэта на 50 гектараў менш, чым у мінулым годзе, таму што летась атрымалі высокую ўраджайнасць культуры і нарыхтавалі сіласу з лішкам. Вырошчваем гібрыдныя сарты кукурузы, больш устойлівыя да ўмоў надвор’я і ўраджайныя, – расказвае галоўны аграном. – Адначасова вядзём сяўбу цукровых буракоў. Як паказаў мінулы год, раннія тэрміны сяўбы гэтай культуры сябе апраўдалі. Зараз салодкія караняплоды плануем пасеяць на плошчы 330 гектараў.


На трактарах у полі працуюць вопытныя механізатары Віктар Карузін і Аляксандр Клевановіч, якім сяўбу кукурузы і цукровых буракоў давяраюць не адзін год.


– Працую з настроем. У маіх руках магутны трактар з амаль новенькай сеялкай – яе набылі і апрабавалі ў мінулым годзе. Шырыня захопу глебы ў яе каля 12 метраў. Можна зрабіць многа і якасна за адзін дзень, – кажа механізатар Віктар Карузін.


– Раней справімся з гэтымі работамі – больш часу будзе на падкормкі іншых культур. На гэтым тыдні прыступім да сяўбы траў і перазалужэння, крыху пазней – да сяўбы цеплалюбівых проса і грэчкі, – гаворыць Сяргей Савановіч.


Таксама ў сельгасарганізацыі плануюць вырошчваць бульбу. Гэта не толькі другі хлеб, але і высокарэнтабельная культура.


Наталля ГРАМЫКА.

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие записи