У чарговым матчы Беларусбанк – чэмпіянату па футболе 6 кастрычніка каманда СФК «Слуцк» прайграла «Віцебску». Зноў не здолелі забіць хаця б гол прэстыжу. Што далей?..

Пасля 24 тураў «Слуцк» на 8 месцы. За тры апошнія гульні нашы футбалісты не забілі ні разу, а прапусцілі 7 мячоў. Псіхалагічны штопар, сапраўдны лазарэт траўміраваных і іншыя прычыны не даюць камандзе затрымацца ў верхняй пяцёрцы табліцы. У другой палове чэмпіянату ў нашых гульцоў зноў больш «мінусаў» і, здаецца, мінімум аптымізму і настрою.

У матчы з «Віцебскам» з боку «Слуцка» па варотах саперніка было 9 удараў, з іх 6 на рахунку Мурата Хотава, у створ – 3. Аналагічны паказчык віцебскай каманды – 14 і 7 адпаведна. Былі моманты, калі дзеянні дружыны Віталія Паўлава давалі гледачам надзею, ды не спраўдзіліся нашы чаканні.


Галоўны трэнер «Слуцка» Віталій Паўлаў:
– Чарговы прайграны матч, мне цяжка нешта каментаваць. І яшчэ цяжэй становіцца сітуацыя ў клубе: акрамя Ауіе і Бабко траўміраваны Кібук і Цімашэнка. Нам часта цяжка гуляць без аднаго-двух асноўных футбалістаў, зараз іх ужо чацвёра… Бабко ў гэтым сезоне ўжо не згуляе. Будзем спадзявацца, што перапынку ў два тыдні хопіць, каб гульцы аднавілі свае кандыцыі.
Наступная гульня «Слуцка» адбудзецца 21 кастрычніка ў 14.00 на «Гарадскім». Сустракаемся з «Тарпеда-БелАЗ». І мы абавязкова прыйдзем падтрымаць каманду свайго горада. За Слуцк і «Слуцк», разам!
Ірына ВЕЧАР.