Памятаю, як у дзяцінстве бабуля мне расказвала, што яны жылі пад прыгнётам і працавалі на польскага пана, як яна ўцякла ў пошуках лепшай долі. І знайшла яе ў Беларусі. Цяжка было, але тут не катавалі людзей. Яна падтрымлівала сувязь з роднымі ў Польшчы, Заходняй Украіне, але ніколі не пашкадавала, што яе лёс склаўся менавіта так. Беларусь стала для яе радзімай, дзе пасля вайны пабудавалі хату, пасадзілі не адно дрэва.

Бабуля казала, што вера ў праўду і справядлівасць заўсёды аб’ядноўвала беларусаў, якія зберагаюць традыцыі і абараняюць свае дамы, сем’і – сваю Радзіму.
Як адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка: «Мы захапляемся духоўнай сілай і мужнасцю нашых суайчыннікаў, якія змаглі захаваць сваю мову, культуру і веру на працягу стагоддзяў татальнай паланізацыі. У сэрцы народа, які адстаяў права беларусамі звацца, выспявала нацыянальная ідэя – ідэя свабоднага народа. Ідэя законнага імкнення быць на сваёй гістарычнай зямлі гаспадаром».
Гэта права заваёўвалася ў бітвах, у тым ліку з арміяй Напалеона, супраць якой беларускія сяляне адкрылі цэлы партызанскі фронт; з польскімі паўстанцамі, якіх тыя ж сяляне хапалі і здавалі царскім уладам, бо не жадалі вяртацца пад польскі прыгнёт; з нямецкімі захопнікамі, калі на свяшчэнную вайну падняўся ўвесь беларускi народ.
У Вялікай Айчыннай вайне беларусы абаранялі не толькі сваё жыццё, але і памяць пра былыя пакаленні. 
Дзень Незалежнасці – гэта памяць аб самым галоўным гістарычным уроку. Гэта дата, якая не проста вяртае нас да падзей Вялікай Айчыннай вайны, але таксама вучыць цаніць тое, што зроблена пасляваенным пакаленнем і сучаснікамі.
Бясспрэчна, устойлівая эканоміка – адзін са складальнікаў суверэнітэту краіны. І ў першыя гады незалежнасці было многа праблем. Сітуацыя змянілася, калі Прэзідэнтам краіны выбралі Аляксандра Лукашэнку. Было няпроста, але паступова павялічваўся жыццёвы ўзровень насельніцтва, умацоўваліся прадпрыемствы, сельгасарганізацыі, наогул змяніўся выгляд вёсак. Значна палепшыліся ўмовы працы. Калі ў пачатку 1990-х  прылаўкі ў магазінах былі напалову пустыя, то зараз – вочы разбягаюцца ад шырокага асартыменту тавараў. А прадукцыя ў нас – якасная. Беларусь сярод іншых краін у ліку лідараў па экспарце харчавання. А даходы нашых грамадзян дазваляюць ім ехаць адпачываць у замежныя краіны. Хіба гэта дрэнна?
Беларусь – незалежная краіна і ідзе сваім шляхам развіцця. Дасягненні народа неабходна шанаваць і берагчы. 
Зараз у нас мірнае жыццё. Але нельга, як кажуць, раслабляцца і губляць пільнасць. Падзеі ў суседняй Украіне паказваюць, што можа здарыцца з дзяржавай, падзеленай унутры, калі галоўным аргументам у спрэчцы становіцца зброя. 
Нельга гэтага дапусціць. Важна, каб жыхары нашай краіны гэта ўсведамлялі. Нам трэба быць еднымі. Калі мы будзем берагчы і перадаваць наступным пакаленням сваю гісторыю, традыцыі, Беларусь назаўжды застанецца суверэннай і незалежнай.
Ірына КАВАЛЕНКА.

Похожие записи