Праваахоўнікі праводзяць комплекс спецыяльных мерапрыемстваў па выяўленні, папярэджанні і ліквідацыі незаконных пасеваў маку, канопляў і іншых раслін, у складзе якіх ёсць наркатычныя рэчывы.
Як паведамілі ва ўпраўленні наркакантролю і процідзеяння гандлю людзьмі аддзела ўнутраных спраў Слуцкага райвыканкама, сёлета з 1 красавіка на тэрыторыі раёна было выяўлена і знішчана больш за 12 кілаграмаў дзікарослага маку. Як правіла, выяўлены мак знішчаюць. Уладальніку ж прыватнага ўчастка, на якім ёсць расліна, пагражае адміністрацыйная адказнасць.
За незаконны пасеў або вырошчванне нарказмяшчальных маку і канапель без мэты іх збыту ці вырабу наркатычных сродкаў прадугледжана адміністрацыйная адказнасць згодна з арт. 16.1 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях – штраф у памеры да 20 базавых велічынь. Грамадзяне, якія займаюцца пасевам або вырошчваннем маку і канопляў з мэтай іх збыту ці вырабу наркатычных сродкаў, будуць несці крымінальную адказнасць па арт. 329 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Згодна з дадаткам да арт. 328 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, грамадзяне, якія добраахвотна здаюць наркатычныя сродкі, псіхатропныя рэчывы, іх прэкурсоры і аналагі і актыўна спрыяюць выяўленню або спыненню злачынства, звязанага з незаконным абаротам гэтых сродкаў, рэчываў, выкрыццю тых, хто іх учыніў, выяўленню маёмасці, здабытай злачынным шляхам, вызваляюцца ад крымінальнай адказнасці за дадзенае злачынства.
З маку робяць цяжкія наркатычныя рэчывы. Вытворчасцю наркотыкаў многія нарказалежныя займаюцца ў дамашніх умовах, вырабляючы яд, які губіць не толькі іх саміх.
Паважаныя грамадзяне, калі вам вядомы факты незаконнага абароту наркотыкаў, паведаміце пра гэта па тэлефоне 102. Ананімнасць гарантуецца!
Ірына МАЛЯЎКА.