Слуцкі раённы аддзел унутраных спраў працягвае спецыяльную аперацыю «Мак». Праваахоўнікі расказалі «Слуцкаму краю» аб прамежкавых выніках.
Гэта мерапрыемства накіравана на выяўленне пасеваў нарказмяшчальных раслін, гэта значыць, дзікарослых канопляў, маку і грыбоў, якія ўтрымліваюць псіхаактыўныя рэчывы.
У асноўным дурман-траву міліцыянеры знаходзяць на аддаленых участках грамадзян, палях, у лесе.
– З пачатку спецаперацыі «Мак» ужо складзена 15 пратаколаў за незаконны пасеў і вырошчванне маку і канопляў, – адзначылі ў аддзеле па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі аддзела ўнутраных спраў Слуцкага РАУС.
Толькі 9 ліпеня работнікі аддзела знішчылі дзікарослая каноплі (250 кустоў) агульнай вагой 25 кг. Усяго з пачатку «сезона» міліцыянерамі былі знішчаны каноплі на плошчы 0,2 га.
І гэта толькі пачатак. Спецаперацыя «Мак» на Случчыне працягваецца.
- Згодна з арт. 16.1 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, за пасеў або вырошчванне забароненых да вырошчвання раслін прадугледжаны папярэджанне альбо штраф да 20 базавых велічынь.
Паважаныя случчане, у выпадках выяўлення незаконных пасеваў нарказмяшчальных раслін міліцыя просіць паведамляць пра гэта ў Слуцкі РАУС альбо па тэлефоне 102.
Ірына МАЛЯЎКА.