Сёлета споўнілася 78 гадоў, як на Случчыне падчас карных аперацый фашысцкія захопнікі спалілі трыццаць вёсак. Усяго за гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі раёна было знішчана 36 вёсак, з якіх 12 так ніколі і не адрадзіліся.

Знішчаны яны былі падчас правядзення карных акцый, назвы якіх гучаць цынічна, асабліва ўлічваючы іх жахлівыя наступствы: «Свята ўраджаю – 1» (студзень 1943 года), «Свята ўраджаю – 2» (студзень – люты 1943 года), «Люты» (люты – сакавік 1943 года) і «Марафон» (май – чэрвень 1944 года). Гэтыя знішчальныя аперацыі фашысты праводзілі і на тэрыторыі Капыльскага, Пухавіцкага, Старадарожскага, Любанскага і былых Старобінскага і Чырвонаслабодскага раёнаў. Вось што ўспамінаюць сведкі тых па¬дзей.

Ларыса Сцяпанаўна Гурыновіч – жыхарка Лучнікоў з 1980-х гадоў.

З мужам Анатолем Мікалаевічам выгадавалі  шасцёра дзяцей. У іх дзесяць унукаў і сем праўнукаў. Калі яны наведваюць дзядулю і бабулю, то весела і шумна становіцца ў доме Гурыновічаў. Не такое дзяцінства было ў Ларысы Сцяпанаўны: цяжкае, ваеннае.

Мама Ларысы Сцяпанаўны Соф’я Адамаўна Лабковіч родам са слуцкай вёскі Крушнік, бацька Сцяпан Іванавіч Шашкоў – з Барысава. А нарадзілася Ларыса Сцяпанаўна ў сакавіку 1938 года ў Чыцінскай вобласці.

У 1939 годзе бацькі вярнуліся ў Беларусь, у Оршу. Калі пачалася вайна, Сцяпана Іванавіча мабілізавалі ў Чырвоную Армію. Жонка пешшу, узяўшы Ларысу за руку, адправілася на Случчыну, да сваіх у Крушнік, далей ад бамбёжак і ўсяго страшнага, што прынесла вайна. Каб толькі магла яна ведаць, што іх чакае на бацькаўшчыне…

Ларыса Сцяпанаўна Гурыновіч  успамінае:

– Радня сустрэла нас з мамай, я помню бабулю  Мар’яну, сваіх цётак Ядвігу  і Франю, дзядзьку Віктара. Я тады не разумела, чаму нам трэба хавацца ў гэтай невялічкай лясной вёсцы. На ўсё жыццё я захоўваю ў памяці цудоўны бярозавы гай побач з Крушнікам…

Маю цётку Франю забралі паліцаі ў Слуцк і адправілі ў Нямеччыну, а потым настала 23 лютага 1943 года. Напярэдадні мама сказала: «Донька, праз тыдзень пойдзем з табой у Оршу». Назаўтра пачалася адліга, снег раставаў, галаледзіца. А наступны дзень – аўторак 23 лютага – быў сонечным, цёплым не па-зімоваму, гэты дзень перавярнуў лёс усіх жыхароў Крушніка. Удзень у вёску прыехалі паліцаі з немцамі. Спачатку яны выставілі каравулы ў напрамку леса і балота, куды паспелі ўцячы некалькі жыхароў, якія баяліся нямецкай катаргі, а потым усім загадалі сабрацца ў доме Антона Дробыша. Немцы і паліцаі акружылі дом – мы думалі, што нас спаляць жывымі, але родзічы Вячаслава Дробыша – паліцаі, папрасілі нямецкага афіцэра нас адпусціць, спачатку выпусцілі  Дробышаў, а потым і астатніх.

Калі мы вярталіся, не верачы, што засталіся жывымі, мама ўбачыла запрэжанага ў сані коніка, яна пасадзіла мяне на сані, кінула ў іх коўдру, некалькі падушак і сказала бабулі: «Едзем, пакуль немцы з абознікамі рабуюць хаты». Конік кульгаў, дарога была запруджана абозам, а я ўвесь час глядзела назад на Крушнік – чорныя слупы дыму, такім ён мне і зараз стаіць у вачах. Калі праязджалі Палікараўку, Перавалоку, Адамова, Руднаўку – яны таксама гарэлі, а мама казала: «Донька, не глядзі, адвярніся…», на абочыне дарогі ляжалі забітыя мірныя жыхары. Сцямнела, калі мы прыехалі ў Шышчыцы і папрасіліся на начлег, ніхто не змог з нас заснуць… Раніцай мы паехалі ў Ленькі, да стрыечнага мамінага брата Альберта Лабковіча, які дазволіў нам пажыць у яго.

Разам з Іосіфам Лабковічам і Надзяй Дробыш мама наведала Крушнік, пабыла на котлішчы роднай хаты і прывезла ў Ленькі нашу кошку. Мама расказала, што забітых жыхароў Крушніка пахавалі родзічы на папялішчах дамоў. Праз некалькі дзён партызаны прывялі нам нашу карову. У тым жа 1943 годзе мой дзядзька Альберт Лабковіч падаўся ў партызаны, аб чым даведаліся паліцаі, якія прыйшлі да нас і казалі: «Мы ведаем, дзе ваш родзіч і мы вас адсюль выселім!». Але здарылася гэта только пасля таго, як Альберт папаў у палон да паліцаяў. Я добра памятаю гэты дзень, калі яго на возе прывезлі ў Ленькі. Паліцаі, якія суправаджалі яго, казалі: «Гэта ваш камсамолец і бандыт». Мы даведаліся, што дзядзьку закатавалі ў Грэску, а нам прыйшлося пераехаць да Броні Лабковіч, дзе мы і дачакаліся прыходу Чырвонай Арміі.

Пасля вайны мы даведаліся, што бацька прапаў без вестак на фронце. Мама працавала ў калгасе даяркай, а я вучылася ў школе. Калі выйшла замуж, пабудаваліся і жылі ў Леньках, а потым пераехалі ў Лучнікі.


Крушнік – невялікая вёска на паўночным усходзе Случчыны, у пасёлку паабапал шырокай вуліцы стаяла чатырнаццаць дамоў, у якіх пражываў да вайны 41 жыхар. Была спалена разам  з жыхарамі 23 лютага 1943 года падчас карнай экспедыцыі «Свята ўраджаю». Пасля вайны не адноўлена…

Васіль ЦІШКЕВІЧ,
навуковы супрацоўнік Слуцкага краязнаўчага музея.

Похожие записи