Случчанін Міхаіл Валянцінавіч Рыбак, ураджэнец вескі Рудня, пра вайну ў Афганістане ведае не па кніжках і не па расказах.
Калі Міхаілу Валянцінавічу споўнілася васемнаццаць, яго прызвалі ў армію, паўгода быў на вучэннях у Мінску, потым служыў у Каменагорску ў Казахстане. Калі трапіў у водпуск дадому, у адну з начэй паднялі па трывозе і адправілі ў Ташкент (Узбекістан), потым – у Афганістан.
– У лістападзе 1979 года разам з іншымі таварышамі аказаўся ў Афганістане. Мне тады споўнілася 19 гадоў, – успамінае воін-інтэрнацыяналіст Міхаіл Валянцінавіч. – Там у званні сяржанта я быў камандзірам узвода сувязі. Можна сказаць, што мы былі наперадзе ўсіх баявых аперацый. Мы – гэта камбат або камандзір роты і два сувязныя. Апошніх бралі па двое на выпадак, што могуць быць страты людзей.
Нашы радыёстанцыі тады важылі па 18 – 28 кілаграмаў, ды ва ўмовах горнай мясцовасці трэба было яшчэ знайсці месца, каб быў добры прыём. Аднойчы нам давялося захапіць у палон душманаў, раздабылі тры амерыканскія радыёстанцыі, па тэхнічных характарыстыках яны адрозніваліся ад радыёстанцый Савецкага Саюза, былі разлічаны пад патрэбны дыяпазон частот прыёму і перадачы інфармацыі. У хуткім часе адправілі іх верталётам у Маскву для вывучэння. Нашы мінамёты, гранатамёты таксама важылі не менш. Клімат там непрывычны для нас – зімой 25 градусаў цяпла, летам не ступіць нагой – ажно 60 – 65 са знакам «плюс». Да таго ж і ваду ў гарах адшукаць няпроста было. Чакаць нашага верталёта з вадою таксама ўвесь час не будзеш. Спускаліся з гор, пілі ў рачулках. Сем першых месяцаў начавалі з невялікімі скруткамі пад галавой. Потым нам выдзелілі палаткі і коўдры. Летам намочыш коўдры, а хвілін праз дзесяць яны – сухія.
Гэта была цяжкая вайна. Толькі з нашага батальёна, бывалі дні, гінулі па 15 чалавек. Калі нашы траплялі ў акружэнне варожых сіл, змагаліся да апошняга патрона, лічылі, лепш загінуць, чым здацца ў палон. Наша задача заключалася ў выяўленні і ліквідацыі складоў з боепрыпасамі бандфарміраванняў. Суровыя, цяжкія часіны былі, але мы, савецкія салдаты, не здаваліся, і сваю місію выконвалі.
Прыкладна праз год, а дакладней у снежні 1980, дэмабілізаваўся. Баявыя таварышы прасілі затрымацца ў Маскве, адзначыць вяртанне. Але нешта мне падказвала, што трэба хутчэй дамоў. Трапіў якраз на вяселле брата.
Міхаіл Валянцінавіч працаваў вадзіцелем у ААТ «Слуцкі Аграсэрвіс», ПМК-225 і некаторых іншых арганізацыях Случчыны. Зараз на заслужаным адпачынку, але працуе вартаўніком у філіяле ААТ «ВОЛАТАЎТА».
– Сустрэчы з баявымі таварышамі – заўсёды кранальна цёплыя, – прызнаецца Міхаіл Валянцінавіч. – Анатолій Мікалаевіч Гнаявых, Іван Іванавіч Русакевіч, Мікалай Мікалаевіч Анцыповіч, Аляксандр Аляксандравіч Курловіч, Мікалай Мікалаевіч Заяц, Сяргей Аляксеевіч Мірончык – гэта тыя сапраўдныя таварышы, якія ніколі не падвядуць.